КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л. сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр. ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л. квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.

Да арт. Карыбская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — апосум; 2 — хутыя конга; 3 — шчыліназуб; 4 — каршун кручкадзюбы; 5 — дрэвалаз сурынамскі; 6 — лоры таіцянскі; 7 — перасмешнік карычневы; 8 — чарапаха кайманавая; 9 — аспід каралавы; 10 — хроміс дымідыятус; 11 — скалярыя; 12 — панцырнік даўгарылы.

т. 8, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел зямнога шара па супольнасці гісторыка-эвалюц. развіцця фауны і флоры. Вылучаюць царствы і падцарствы, якія падзяляюцца на біягеагр. вобласці. Царства Палеагею ўключае Эфіопскую, Інда-Малайскую, Мадагаскарскую і Палінезійскую вобласці; царства Арктагею складаецца з 2 падцарстваў — Палеарктычнага з Еўрап.-Сібірскай, Стараж. Міжзем’я, Усх.-Азіяцкай абласцямі і Неарктычнага з Канадскай і Санорскай абласцямі; царства Неагею ўтвараюць Неатрапічная і Карыбская, царства Натагею — Аўстралійская, Новазеландская, Патагонская вобласці. Кожная біягеагр. вобласць аддзелена ад іншых значнымі перашкодамі (вузкім перашыйкам, высокімі гарамі, пустыняй, акіянам, пралівам), якія не даюць магчымасці пашырацца жывёлам і раслінам. Флора і фауна ўнутры вобласці характарызуюцца, як правіла, высокай ступенню аднароднасці. Віды і групы відаў якога-н. рэгіёна звязаны агульнасцю паходжання (месца і час) і аб’яднаны ў фларыстыка-фауністычныя комплексы. Пры пераходзе ад адной вобласці да другой назіраецца рэзкі зрух у таксанамічным складзе на ўзроўні родаў і сямействаў.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)