КА́РТЫНГ (англ. carting),
гонкі на картах — мікрааўтамабілях без падвескі. Узнік у 1930-я г. ў ЗША. Першыя спарт. карты пабудаваны ў ЗША (1956). Сучасныя карты падзяляюць на 6 міжнар. класаў, на Беларусі да іх далучаны 2 нацыянальныя. Трасы К. вызначаюцца складанай канфігурацыяй з вял. колькасцю паваротаў пераважна малых радыусаў. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў Рыме (1964). Камандныя першынствы Еўропы праводзяцца з 1963. На Беларусі спаборніцтвы па К. праводзяцца з 1964. Бел. федэрацыя К. заснавана ў 1993. Бел. спартсмены, пераможцы і прызёры міжнар. і рэсп. спаборніцтваў: А.Ю.Кавалік, М.К.Маеўскі, М.В.Рудзько, І.А.Угольнік, А.А.Шымакоўскі; Дз.В.Цвірко — чэмпіён Беларусі 1995—97.
т. 8, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР ТЭХНІ́ЧНАЙ ТВО́РЧАСЦІ НАВУЧЭ́НЦАЎ рэспубліканскі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Засн. 10.11.1929 у Мінску як Цэнтр. дзіцячая тэхн. станцыя, з 1945 Дарожная станцыя юных тэхнікаў, з 1961 Цэнтр. станцыя юных тэхнікаў, з 1978 Рэсп. станцыя юных тэхнікаў, з 1991 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: метадычная (праграмна-метадычнае забеспячэнне, павышэнне кваліфікацыі педагогаў і інш.), вучэбна-выхаваўчая і масавая (гуртковая работа па тэхн. творчасці, выстаўкі, конкурсы, спаборніцтвы і інш.). Гуртковая праца з вучнямі арганізавана ў 30 лабараторыях, 130 гуртках па 41 кірунку тэхн. творчасці (радыёэлектроніка, інфарматыка, астраномія, фізіка і тэхналогія металаў, авія-, ракета-, суднамадэліраванне, картынг, радыёспорт, аўтатэхніка, лічбавая фатаграфія і інш.). Мае аддзелы: метадычнай і інфарм.-аналіт. работы, арганізац.-масавай работы і сац. ўзаемадзеяння, навук.-тэхн. творчасці і інфарм. тэхналогій, вытв.-тэхн. творчасці, спартыўна-тэхн., адм.-гасп. работы, а таксама спартыўна-тэхн. комплекс «Вікторыя» з дзіцячай турбазай.
К.І.Цыркун.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)