КАРТАЁ (Cortaillod),

паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)