Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst),
Крас, плато на ПнЗ Славеніі, зах. канцавая ч. ў Італіі, у складзе Дынарскага нагор’я. Выш. да 643 м. Складзена з вапнякоў. Класічны раён развіцця карставых форм рэльефу: варонкі, пячоры (у т. л. Пастойнска-Яма), польі і інш.Ням. назва плато К. стала агульнай назвай з’явы карсту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),
карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.
Да арт.Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-СА́СА-Д’ІТА́ЛІЯ (Gran Sasso d’Italia),
самы высокі горны масіў у Апенінах у Італіі. Выш. да 2914 м (г. Корна). Складзены з вапнякоў, развіты карст. На вышынях снежнікі, невял. ледавікі. Міжземнаморскія хмызнякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЗЫ́БСКІ ХРЫБЕ́Т, Бзіпскі,
у Абхазіі, на паўд. схіле Вял. Каўказа. Выш. да 3033 м (г. Хімса). Даўж. каля 50 км. Складзены пераважна з вапнякоў. Развіты карст. Схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, у верхняй ч. — горныя лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦКІ УВА́Л,
узвышша на УУсх.-Еўрап. раўніны, у Рэспубліцы Марый Эл і Кіраўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выш. да 284 м. Выцягнуты амаль мерыдыянальна. Перасякаецца далінай р. Вятка. Складзены з даламітаў, вапнякоў і гіпсаў; развіты карст. Хвойныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЖО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на Усходне-Еўрапейскай раўніне, на З Ленінградскай вобл. Расіі; частка Балтыйска-Ладажскага ўступа (гл.Глінт). Выш. да 168 м. Складзена з вапнякоў. Рэльеф узгорыста-марэнны, развіты карст. Паўн. і зах. схілы стромкія (выш. 50—80 м). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Азёры, балоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМАМЫ́Т,
плато на паўн. схіле Вял. Каўказа, за 35 км на ПдЗ ад г. Кіславодск, у Расійскай Федэрацыі. Асноўнае плато Вялікі Бермамыт выш. да 2591 м. Малы Бермамыт выш. да 2643 м. Належыць да сістэмы куэсты Скалістага хрыбта. Паверхня вяршыні складзена з верхняюрскіх вапнякоў. Развіты карст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГА́НА (Gargano),
паўвостраў на ПдУ Італіі, частка Апенінскага паўвострава. Удаецца ў Адрыятычнае м. Берагі парэзаны слаба. Гарысты, выш. да 1056 м (г. Монтэ-Кальва), акаймаваны прыморскай нізінай. Складзены з мезазойскіх даламітаў і вапнякоў; развіты карст. Радовішчы баксітаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Дубовыя і хваёвыя лясы, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі.