«ЛЮ́БІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.

Герб «Любіч».

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБ,

у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІС»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 200 родаў Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы, у т. л. Ваньковічы, Наркевічы-Ёдкі, Парчэўскія, Сапегі, Свірскія. У чырв. полі сярэбраная двойчы перакрыжаваная страла, клейнод — над прылбіцай з каронай верхняя палавіна чырв. ліса. Існавала некалькі варыянтаў герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ліс».

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАДО́РА»,

прыватнаўладальніцкі герб, якім у Польшчы, Беларусі, Літве і на Украіне карысталіся больш за 60 родаў, у т. л. Борхі, Даўгялы, Кезгайлы, Лянцкаронскія. У блакітным полі сярэбраная галава льва, з пашчы шугае полымя; клейнод — над прылбіцай з каронай такая ж галава. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

В.​С.​Пазднякоў.

Герб «Задора».

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́РАЙ», «Ружа»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Порай».

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́НЧА»,

прыватнаўласніцкі герб на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы. Карысталіся ім больш за 100 родаў, у т. л. Асмалоўскія, Буйневічы, Куніцкія, Маркоўскія, Скажынскія, Сяніцкія. Вядомы з 14 ст. Мае выяву белага аднарога на блакітным полі. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова такога ж аднарога. Існуе варыянт герба, дзе аднарог перакрэслены залатым паўмесяцам, над якім размешчаны 3 залатыя шасціпрамянёвыя зоркі.

Герб «Бонча».

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РВІН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 80 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бянкоўскія, Дмахоўскія, Каханоўскія, Крукоўскія, Урублеўскія. Мае ў чырв. полі выяву крумкача, які сядзіць на бервяне з адсечанымі 4 сукамі і трымае ў дзюбе пярсцёнак. Клейнод — на прылбіцы з каронай тры страусавыя пёры. Герб «К.» адгалінаваўся ў пач. 16 ст. ад герба «Слепаўрон».

Герб «Корвін».

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́БУГ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв. поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Побуг».

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РАБ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 180 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажэшкі, Дамброўскія, Дзяконскія, Ласкія, Русоцкія, Эйсманты. Мае ў чырв. полі выяву залатога карабля з ільвінымі галовамі спераду і ззаду і мураванай вежай з зубцамі. Клейнод — на прылбіцы з каронай такі ж карабель з вежай. У Польшчы вядомы з канца 13 ст., спачатку меў выяву карабля з мачтай і ветразем.

Герб «Кораб».

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)