Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.К.Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Засн. ў 1703 у Мінску Т.Ваньковічам. Пабудаваны ў 1763 з цэглы па вул. Юр’еўскай (цяпер Ракаўская) па фундацыі М.Валадковіча. Касцёл св. Марыі Магдаліны — прамавугольны ў плане 3-нефавы 4-слуповы храм з прэсбітэрыем, завершаным паўцыркульнай апсідай. Гал. 2-вежавы фасад (верхнія ярусы вежы не дабудаваны) арыентаваны на вул. Ракаўскую. У інтэр’еры было 6 алтароў (галоўны мураваны, бакавыя паліхромныя ілюзорныя). Побач з касцёлам стаяў 1-павярховы Г-падобны ў плане драўляны будынак кляштара, а таксама комплекс гасп. пабудоў (стайня, вазоўня і інш.). Кляштару належаў фальварак Кальварыя, дзе знаходзіўся невял. драўляны касцёл і комплекс гасп. пабудоў. У фальварку ў 1795—96 створаны гар. каталіцкія могілкі (гл. ў арт.Мінскі кальварыйскі касцёл і брама). У 1799 будынкі кляштара перададзены Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1832 кляштар зачынены. У 1872 будынак касцёла прададзены прыватным асобам і перабудаваны пад жылы дом. Цяпер адм. ўстанова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ МАНАСТЫ́Р РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ.
Існаваў у г.Бялынічы ў 1877—1918. Утвораны замест зачыненага ў 1877 Мсціслаўскага мужчынскага манастыра. Размяшчаўся ў будынках б. кляштара кармелітаў. Колькасць манахаў дасягала 40 чал. (пач. 20 ст.). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў.