АДРЫ́НА, пуня,

1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.

2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТРА́К,

ветраны млын, вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́РЫУМ

(ад лац. aguarium вадаём),

1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л. сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш. водныя расліны.

2) Спец. навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз. акіянарыум.

Тыпы акварыумаў: 1 — трохвугольны; 2 — шарападобны; 3 — прамавугольны каркасны, 4 — цыліндрычны; 5 — убудаваны ў мэблю; 6 — насценны.

т. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШТЫ́Н

(ням. Bernstein),

янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. каля г/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.

Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш. Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.

У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)