КАРАТЭ́ (яп., літар. пустая рука),

японская сістэма самаабароны без зброі; адзін з відаў спарт. адзінаборстваў. Мае глыбокія гіст., культ. і філас. вытокі. Першыя звесткі пра К. датуюцца 720. Асн. сістэмы К. — вада-ру, годзю-ру, шота-кан, шыта-ру.

У аснове спарт. К. — удары рукой або нагой па найб. слабых і балявых месцах чалавечага цела. У спаборніцтвах па бескантактавым К. сапернікі толькі абазначаюць правядзенне пэўных прыёмаў, не даводзячы іх да канца. Існуюць практыкаванні па спарынгу — кумітэ і вольныя практыкаванні — ката, якія імітуюць паядынак. Сучасныя правілы спаборніцтваў сфармуляваны ў 1948. Спартсмены выступаюць у традыц. форме дзюдаістаў на татамі (гл Дзюдо). У 1968 заснавана міжнар. федэрацыя. У 1978 — федэрацыя К. СССР. Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1966 (Вена), першы чэмпіянат свету — у 1968 (Вашынгтон).

На Беларусі федэрацыя К. заснавана ў 1980; першы чэмпіянат праведзены ў 1978. Чэмпіёны СССР і прызёры міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў: А.​Вількін, П.​Калінін, Я.​Крапіўны, Л.​Лушчык, В.​Ляцецкі, В.​Сідарэнка і інш.; першыя трэнеры: А.​Кажамякін, А.​Кірыенка.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,

сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.​Валера, Б.​Лі, Ч.​Норыс, Б.​Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.

Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв. арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,

усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.​Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. спаборніцтвах.

А.​Я.​Вількін.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),

адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.​Лі (ЗША).

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭМПО́ (яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),

сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.

У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)