Каралавае мора 3/261; 5/427
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВАЕ МО́РА (Corel Sea),
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. каля берагоў Аўстраліі, паміж а-вамі Новая Гвінея, Саламонавымі, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, рыфам Фрэдэрык. Пралівам Торэса звязана з Індыйскім ак. Пл. 4068 тыс. км². Найб. глыб. 9174 м. Шматлікія каралавыя астравы і рыфы, у т. л. Вял. Бар’ерны рыф. Дно моцна расчлянёнае. Цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, на зах. ускраіне якога бярэ пачатак Усх.-Аўстралійскае цячэнне. Т-ра вады на Пд ад 19 °C у жн. да 24 °C у лют., на Пн да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 7,2 м). Гал. парты: Кэрнс (Аўстралія), Порт-Морсбі (Новая Гвінея), Нумеа (Новая Каледонія).
т. 8, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІПЕЛА́Г (італьян. arcipelago),
значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).
т. 1, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range),
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
т. 4, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)