Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,
шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.
Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.
У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.