Караба́хскі хрыбе́т

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ КАЎКА́З,

сістэма складкавых горных хрыбтоў у Закаўказзі, якая акаймоўвае з Пн і ПнУ Армянскае нагор’е. Размяшчаецца амаль паралельна Вял. Каўказу і аддзяляецца ад яго Калхідскай нізінай і Курынскай упадзінай. З Вял. Каўказам злучаецца Ліхскім (Сурамскім) хрыбтом. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3724 м (г. Гямыш). У сістэму М.к. ўваходзяць хрыбты Месхецкі, Трыялецкі, Самхецкі, Мургузскі, Шахдагскі, Мураўдаг, Карабахскі і інш. Паўн. і паўн.-ўсх. схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі, паўд. — рэдкалессем і хмызняком. Гораўтваральныя працэсы адбыліся ў альпійскую складкавасць. Гл. таксама Каўказ.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл. Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).

У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

у Турцыі (пераважна), Іране, Арменіі, займае паўд. частку Грузіі і зах. частку Азербайджана. Пл. 400 тыс. км². Сярэдняя выш. 1700 м, найб. 5165 м (г. Вял. Арарат). Паверхня — спалучэнне лававатуфавых пласкагор’яў і плато выш. 1500—3000 м з міжгорнымі ўпадзінамі і далінамі. Шэраг хрыбтоў (Арсіянскі, Агрыдаг, Джавахецкі, Вардэнінскі) утвораны ланцугамі вулканаў. Найб. ўпадзіны: Арарацкая, Эрзурумская, Мушская і інш.; дно некаторых упадзін занята азёрамі Ван, Севан, Урмія (Рэзайе). Вулканічныя конусы (Сюпхан — 4434 м, Арагац — 4090 м і інш.) і лававае покрыва ўтварыліся ў неагене і антрапагене. Невулканічныя хрыбты: Зангезурскі, Паландзёкен, Бінгёль, Аладаг, Карадаг, Машудаг, Карабахскі і інш. Карысныя выкапні: нафта, мыш’як, медзь, храміты, жал. руда, поліметалічныя руды, каменны вугаль, каменная соль; мінеральныя і тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -3 да -15 °C, ліп. ад 15 да 20 °C (у катлавінах 25 °C). Гадавая колькасць ападкаў на зах. схілах 1000 мм і больш, у катлавінах 500—700 мм, на У 300—500 мм. З Армянскага нагор’я пачынаюцца рэкі Еўфрат, Тыгр, Кура, Аракс. Расліннасць стэпавая і паўпустынная на шэразёмах, светла-каштанавых, бурых і шэра-карычневых глебах. Па схілах гор — хмызнякі з маквісу, лясы з хвоі і дубу, фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі. На менш увільготненых схілах зараснікі калючых падушкападобных хмызнякоў. На выш. 4000 м горны стэп, вышэй — альпійскія лугі, на вяршынях вечныя снягі і ледавікі. Жывёльны свет: шмат грызуноў, паўзуны, трапляюцца казуля, безааравы казёл, муфлон, мядзведзь, барс, паласатая гіена. Аазіснае земляробства.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,

гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 194 тыс. чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб. ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).

Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пнхр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і ПдКарабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б. ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-ра студз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч. гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст. н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст. цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.

Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс. га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс. га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн. пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.

М.​Л.​Страха (прырода, гаспадарка).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)