Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІРАВА́ЛЬНА-РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для капіравання і размнажэння невял. тыражамі дзелавых папер, даведак, артыкулаў, канструктарскай, тэхнал. і інш. дакументацыі. Да іх належаць сродкі аператыўнай паліграфіі (малафарматныя машыны афсетнага друку тыпу ратапрынта, сродкі электраграфіі) і рэпраграфіі. Найб. пашыраны тэхн. сродкі вырабу копій спосабамі ксераграфіі, дыязакапіравання, святлокапіравання, фотакапіравання, тэрмакапіравання. Раней тэксты і ілюстрацыі размнажалі з дапамогай гектографа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
капіравальна-фрэзерны станок з інструментам для гравіравання. Выявы з аб’ектаў (мадэлей барэльефаў, інш. аб’ёмных арыгіналаў, літар, узораў, малюнкаў) выразаюць на мяккім метале, камені, дрэве спец. рэжучым інструментам (штыхелем, фрэзай), які вядзе апрацоўку ў адпаведнасці з сігналамі ад абваднога штыфта (датчыка). Штыфт рухаецца па капіры і падае сігналы ў сістэму сачэння (механічную, гідраўлічную або электрычную), што кіруе інструментам. У металаапрацоўцы гравіравальныя станкі выразаюць клеймы, надпісы, лічбы на дэталях, у паліграфіі робяць цынкаграфскія клішэ (фотагравіравальнай машынай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
комплекс сродкаў для размнажэння і капіравання дакументаў, тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца таксама для друкавання малатыражных выданняў.
Размнажэнне дакументаў (арыгіналаў) ажыццяўляецца малафарматнымі апаратамі і прыладамі аператыўнай паліграфіі, якія забяспечваюць хуткую і тэхнічна нескладаную падрыхтоўку матэрыялаў да выдання. выраб друкарскіх форм і друкаванне тыражу. Заснаваны на выкарыстанні спосабаў плоскага афсетнага (ратапрынты), трафарэтнага (рататары) і гектаграфічнага (гектографы) друку, электраграфіі (у т. л.ксераграфіі з найб. пашыранымі апаратамі — ксераксамі, рызографамі), рэпраграфіі і інш. Каліраванне дакументаў робіцца непасрэдна з арыгінала і не патрабуе яго спец. падрыхтоўкі (за выключэннем святлокапіравання) і друкарскай формы. Паводле фіз. прынцыпаў капіравання адрозніваюць капіравальныя апараты: святло-, фота- і тэрмакапіравальныя, электраграфічныя, электроннага капіравання. мікрафотакапіравальныя (для праекцыйнага і кантактавага капіравання — дыязакапіраваннем, тэрмакапіраваннем і фотакапіраваннем). Гл. таксама Капіравальна-размнажальная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,
галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш.тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.
Літ.:
Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ.М., 1983.