ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Гродзенскай вобл.; зах. ч. Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага ўзв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае ўзв.). Пл. 1,4 тыс. км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб. выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.

У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах. ч. Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ РАЁН,

на ПнЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,7 тыс. км². Нас. 68,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 19%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гродна; г. Скідзель, г.п. Сапоцкін, 383 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Абухаўскі, Адэльскі, Азёрскі, Баранавіцкі, Верцялішкаўскі, Гожаўскі, Індурскі, Капцёўскі, Квасоўскі, Лойкаўскі, Парэцкі, Путрышкаўскі, Раціцкі, Скідзельскі.

Большая частка раёна занята Нёманскай нізінай, на ЗГродзенскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 100—170 м, найвыш. пункт 247 м (каля в. Капцёўка). Карысныя выкапні: торф, мел, цагельныя гліны, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапелі. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 545 мм за год. Вегет. перыяд 199 сут. Гал. рака Нёман з прытокамі Свіслач, Ласосна, Чорная Ганча, Котра. Аўгустоўскі канал злучае р. Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Кальніца, Вераўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 31,7% тэр. раёна (буйн. масіў Гродзенская пушча на ПнУ), пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы. Пад балотамі 2,5% плошчы (балотныя масівы Святое, Масткі-Нівішча, Закрэўшчына і інш.). На тэр. раёна ландшафтны заказнік Азёры, біялагічныя — Гожаўскі і Сапоцкінскі. Помнікі прыроды: кангламерат пясчана-жвірова-галечны «Прынёманскі», геал. агаленні Калодзежны Роў і Равец.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 117 тыс. га, з іх асушаных 20,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, 4 с.-г. прадпрыемствы, 4 птушкафабрыкі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, конегадоўля), буракаводства, бульбаводства, агародніцтва. Пасевы збожжавых культур і кармавых траў. Прадпрыемствы харч. (Скідзельскі цукровы камбінат, вытв-сць мясных і агароднінных кансерваў, масла, сыру, крухмалу), дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы, сталярныя вырабы), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (кафля, жалезабетонныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Вільня—Гродна—Беласток (Польшча), Гродна—Масты; аўтадарогі ад Гродна на Беласток (Польшча), Друскінінкай (Літва), Астрыну, Ліду, Вял. Бераставіцу—Ваўкавыск. У раёне 23 сярэднія, 20 базавых і 6 пач. школ. ПТВ № 199. 11 муз., дзіцяча-спарт., 2 санаторныя школы, дапаможная школа-інтэрнат. 26 дашкольных устаноў, 41 клуб, 49 б-к. 55 бальнічных устаноў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Тэклі (1854) у в. Адамавічы; касцёл Ушэсця (1-я пал. 18 ст.) у в. Адэльск; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Азёры; Крыжаўзвіжанская царква (1881) у в. Галавачы; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Галынка; касцёл (2-я пал. 19 ст.пач. 20 ст.) у в. Гожа; Благавешчанская царква (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Жытомля; касцёл Марыі (пач. 20 ст.) у в. Зарачанка; Троіцкі касцёл (1825) у в. Індура; Праабражэнская царква (1844) у в. Коматава; Мікалаеўская царква (1822) у в. Лаша; касцёл (1806) у в. Парэчча; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Свіслач; палацава-паркавы ансамбль (канец 18 ст.пач. 19 ст.) у в. Свяцк; Праабражэнскі касцёл (1899) у в. Селіванаўцы. Помнік гідратэхн. буд-ва 19 ст. — Аўгустоўскі канал. У в. Верцялішкі мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў. Вёска Квасоўка — стараж. цэнтр маст. рамяства (ручное ткацтва і апрацоўка дрэва). Выдаецца газ. «Сельская навіна».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага р-на. Мн., 1993.

С.І.Сідор.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)