Капрычыо 5/414; 9/92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),

капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.​С.​Бахам, Н.​Паганіні, П.​Чайкоўскім, М.​Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.​Багатырова, Р.​Бутвілоўскага, Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, А.​Мдывані, С.​Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.​Гоі) і інш.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Капрыс, гл. Капрычыо

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Аляксандр Леапольдавіч) (н. 12.2.1949, г. Архангельск, Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыўшы Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1977), працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў маст. Фільмы «Чужая вотчына» (1980, з Я.​Ігнацьевым), «Філіял» (1987), «Д’ябал» (1990), «Кветкі правінцыі» (1995) і інш., мультфільмы «Капрычыо» (1986), «З днём нараджэння!» (1996, аўтар сцэнарыя і рэжысёр), спектакль «Запіскі вар’ята» (Тэатр-студыя кінаакцёра, 1980). Жывапісным яго работам уласцівы глыбокі псіхалагізм («Аўтапартрэт», «Журба», абедзве 1994), рысы стараж. абраза («Замілаванне», 1996, і інш.).

А.Верашчагін. Журба. 1994.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.​Гілер, К.Чэрні, А.​Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Р.​Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ЦКІ (Эдуард Барысавіч) (н. 9.2.1946, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас А.Багатырова). У 1973—82 загадваў муз. часткай Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Працуе пераважна ў галіне інструментальнай музыкі (апіраецца на класічныя традыцыі), масавай і эстр. песні, тэатр. і кінамузыкі. Сярод твораў: сімфонія (1970), сюіта (1980), канцэрціна «Пастараль» (1977) для сімф. арк.; канцэрты для габоя (1973) і валторны (1974) і камернага арк.; Капрычыо для фп. з камерным арк. (1978), сюіта на тэмы бел. нар. песень для нар. арк. (1976); камерна-інстр. музыка; сюіты з музыкі да спектакляў «Дванаццатая ноч», «Снежная каралева», «Тэатральная сюіта».

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАВА (Аляксандра Яўгенаўна) (н. 25.6.1954, Алматы),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976), з 1979 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Выканала дэкар. рэльефы «Поры года» (1980), «Мінск» (1981), гарэльеф «Дабравешчанне» (1984) для Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, дэкар. пластыку і свяцільні «Матылькі ўначы» (1995) для каледжа ў г. Ніжнявартаўск (Расія), для Наваполацкага Дома сямейных урачыстасцей (1997) і інш. Аўтар дэкар. пластыкі — трыпціх «Світанак», «Поўдзень», «Змярканне» (1978); «Капрычыо» (1981), «Рэха» (1983), «Гербарый» (1990), «Дутыя аўтарытэты» (1996), серый «Поўня» (1988—96), «Фармацыя» (1991), серый дэкар. ваз «Птушкі», «Архідэі» і інш. Творчасці ўласцівы сімвалізм, асацыяцыі; макс. выразнасць дасягаецца за кошт выкарыстання прыроднай фактуры і якасцей пластычных матэрыялаў.

А.Дзятлава. Дутыя аўтарытэты. 1996.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),

бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.​Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.​Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел. фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.​Астрэйкі і У.​Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел. нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел. нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).

Літ.:

Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРА́ДАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (14.2.1892, Варшава — 20.4.1954),

дырыжор, педагог. Нар. арт. Казахстана (1943). Нар. арт. Украіны (1947). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1914). Працаваў у оперных т-рах Тбілісі, Баку, Ташкента, Масквы. З 1949 праф. Беларускай, з 1950 Кіеўскай кансерваторый. У 1936—41 дырыжор, у 1950—54 гал. дырыжор Кіеўскага т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі. У 1948—50 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе пад яго кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны, «Алека» С.​Рахманінава (усе 1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Царская нявеста» (1950) і балет «Іспанскае капрычыо» (1949) на муз. М.​Рымскага-Корсакава. Творчасць П. як дырыжора вылучалася яркім тэмпераментам і высокай культурай.

І.​В.​Глушакоў.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)