ГУГО́ КАПЕ́Т (Hugues Capet; каля 940 — 24.10.996),

французскі кароль з 987, заснавальнік дынастыі Капетынгаў. Выбраны каралём пасля смерці Людовіка V Каралінга (гл. Каралінгі) пры падтрымцы буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Улада Гуго Капета над усёй Францыяй была намінальнай і фактычна распаўсюджвалася толькі на землі яго дамена (Іль-дэ-Франс з Парыжам і Арлеанам).

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала ​3/4 тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎШУ́ТАЎ (Ата) (5.7.1903, г. Безмеін, Туркменістан — 5.11.1953),

туркменскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нац. прозы і драматургіі. Скончыў Камуніст. ун-т працоўных Усходу ў Маскве. Друкаваўся з 1925. Аўтар першых у нац. л-ры драм. твораў «Закаспійскі фронт» і «Крывавы лес» пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Джума» (паст. 1939), раманаў «Мехры і Вепа» (1946; пра падзеі Вял. Айч. вайны), «Каля падножжа Капет-Дага» (1947—49), аповесцей, нарысаў і апавяданняў, у якіх стварыў каларытныя нац. характары, маляўнічыя карціны прыроды. Яго творы адметныя тонкім веданнем побыту, псіхалогіі туркм. народа, яго гісторыі і фальклору. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. повести и рассказы. М. 1977.

Літ.:

Аборский А. Ага Каушутов. Ашхабад, 1965.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)