Я́СПЕРС (Jaspers) Карл (23.2.1883, г. Ольдэнбург, Германія —26.2.1969),

нямецкі філосаф і псіхіятр; адзін з заснавальнікаў экзістэнцыялізму. З 1908 асістэнт псіхіятрычнай бальніцы ў Гайдэльбергу, з 1921 праф. філасофіі ў Гайдэльбергскім ун-це. У 1937 адхілены ад выкладання, вярнуўся да яго ў 1945. З 1948 выкладаў у Базельскім ун-це. У псіхіятрыі кіраваўся біяграфічным метадам; разглядаў хваробу не як працэс распаду чалавечай асобы, а ў сувязі з гісторыяй жыцця, з пошукам чалавекам уласнай індывідуальнасці («Усеагульная псіхапаталогія», 1913). Некаторыя яго працы прысвечаны праблемам патаграфіі — псіхапаталагічнаму аналізу эвалюцыі знакамітых асоб (Ю.​А.​Стрындберг, В.В. ван Гог, Ф.​В.​Ніцшэ). У 1920—30-я г. Я. стварыў уласны варыянт экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе філасофію вызначыў не як стварэнне пэўнай сістэмы, а як адкрыты духоўны працэс, што высвятляе становішча чалавека ў свеце. Асн. катэгорыі яго філасофіі — экзістэнцыя, трансцэндэнцыя, сітуацыя, гістарычнасць, камунікацыя. Сэнс экзістэнцыі ён бачыў у свабодзе. Быццё ў філасофіі Я. паўстае як прадметнае быццё, экзістэнцыя і трансцэндэнцыя (Бог). Мысленне, спалучанае з прадметным быццём, ёсць «арыентацыя ў свеце», філасофстваванне аб экзістэнцыі паўстае як яе «прасвятленне» («Розум і экзістэнцыя», 1935). Праблемы быцця, пазнання і чалавека Я. разглядаў з пункту гледжання гістарычнасці, пад якой ён разумеў незаменнасць, непаўторнасць, канчатковасць чалавечай асобы. Адрозненне філас. веры ад рэлігійнай бачыў у тым, што першая заснавана на штодзённым вопыце любога чалавека, а другая не можа быць агульназначнай, бо заснавана на адкрыцці. Я. стварыў сваю ўласную канцэпцыю гісторыі, заснаваную на ідэях гіст. цэласнасці і адзінстве чалавецтва. Ён акрэсліў 4 «зрэзы» гісторыі: дагістарычны перыяд (авалоданне людзьмі мовай, прыладамі працы і агнём); стараж. культуры; «вось сусветнага часу» (8—2 ст. да н.э.), ад якога толькі пачынаецца сусв. гісторыя; станаўленне навук.-тэхн. цывілізацыі («Еўропа 17—20 ст.; «філасофія». Т. 1—3, 1931—32).

І.​М.​Сідарэнка.

К.Ясперс.

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)