БІЯЛАГІ́ЧНАЕ НАЗАПА́ШВАННЕ,

канцэнтраванне (назапашванне) хім. рэчываў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, радыенуклідаў і інш.) у трафічных ланцугах экасістэмы. Назапашаныя рэчывы могуць выклікаць мутагенны, тэратагенны, канцэрагенны, лятальны і інш. адмоўныя эфекты. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЎЗМАЦНЕ́ННЕ, біямагніфікацыя,

канцэнтраванне, назапашванне (да 10—20-кратнага) шэрагу хім. рэчываў (напр., пестыцыдаў, радыенуклідаў) у трафічных ланцугах. Некаторыя забруджвальнікі, якія не разбураюцца, назапашваюцца і біялагічна ўзмацняюцца пры праходжанні па харч. ланцугах і біял. цыклах. Аб’ядноўваючыся з інш. рэчывамі навакольнага асяроддзя, яны могуць утвараць новыя рэчывы з атрутнымі уласцівасцямі. Прадухіляецца біялагічнае ўзмацненне толькі выключэннем забруджвальнікаў з сістэмы жыццезабеспячэння. Найб. характэрна біялагічнае ўзмацненне для хлорарган. пестыцыдаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў для якаснага выяўлення і колькаснага вызначэння кампанентаў газавых сумесей. Уключае храматаграфію, спектральны аналіз, мас-спектраметрыю, электрахім. метады і інш. Праводзяць з дапамогай спец. прылад — газааналізатараў.

Заснаваны на вымярэнні фіз. параметраў асяроддзя (электра- і цеплаправоднасць, аптычная шчыльнасць, каэф. рассеяння і інш.). Пры выбіральным газавым аналізе вымяраюць фіз. параметры, што залежаць ад канцэнтрацыі кампанента, які вызначаюць, пры невыбіральным — ад адноснай колькасці ўсіх кампанентаў (напр., шчыльнасць, цеплаправоднасць). Выбіральнасць метадаў дасягаецца папярэдняй апрацоўкай сумесі газаў (напр., фракцыяніраванне, канцэнтраванне, канверсія) пераважна з дапамогай мембранных матэрыялаў і тэхналогій. Выкарыстоўваюць для даследавання прыродных і прамысл. газаў, паветра; у хім., нафтаперапрацоўчай, газавай прам-сці.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ФОН,

сумеснае ўздзеянне прыродных і тэхнагенных радыяцыйных фактараў. Прыродны Р.ф. абумоўлены ў асн. (на 84%) іанізавальнымі выпрамяненнямі прыродных радыенуклідаў (пераважна калію-40 і радыенуклідаў уранавага і торыевага радыеактыўных радоў), якія ёсць у глебе, паветры, вадзе, раслінах, харч. прадуктах, буд. матэрыялах, целе жывёл і чалавека, а таксама касм. выпрамяненнем (гл. Касмічныя прамяні). Тэхнагенны Р.ф. абумоўлены пераважна здабычай і спальваннем каменнага вугалю, нафты, газу і інш. гаручых выкапняў, выкарыстаннем фосфарных угнаенняў, здабычай і перапрацоўкай неуранавых руд, у працэсе якіх адбываецца пераразмеркаванне і канцэнтраванне прыродных радыенуклідаў. На тэхнагенны Р.ф. уплываюць таксама выпрабаванні ядз. зброі, развіццё ядз. энергетыкі і інш.

У розных рэгіёнах Зямлі прыродны Р.ф. значна адрозніваецца. Гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення чалавека за кошт прыроднага Р.ф. складае ў сярэднім 2,4 мЗв (гл. Дозы выпрамянення). Гэта доза на 2/3 абумоўлена ўнутр. уздзеяннем газападобных альфа-актыўных прадуктаў распаду радону і тарону (назва радону-220, радыенуклід з перыядам паўраспаду 55,6 с), прычым уклад прадуктаў распаду радону амаль у 5 разоў большы.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна харчовай прамысловасці, якая ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі. Вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-расл. кансервы, жывёльныя тлушчы, сухія жывёльныя кармы, тэхн. і фармацэўтычную сыравіну (рогакапытную, эндакрынную, косці, шкуры і інш.).

У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі невял. паўсаматужныя бойні (у 1913 іх было 50, забіта 51 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 41,7 тыс. свіней) і каўбасныя майстэрні (у Ашмянах, Барысаве, Гомелі, Гродне і інш.), пераважна пры каўбасных крамах. У 1905 самая буйная бойня (8—10 галоў жывёлы за сут) працавала ў Магілёве. З 1920-х г. М.п. развіваецца як індустр. галіна. У 1922 пабудаваны Мінскі мясакамбінат і каўбасны цэх на Магілёўскім мясакамбінаце, у 1930 — Бабруйскі мяса- і Аршанскі мясакансервавы камбінаты, у 1937 — Магілёўскі жэлацінавы завод. У Вял. Айч. вайну амаль усе прадпрыемствы М.п. разбураны. Адноўлены да 1950. Пабудаваны мясакамбінаты ў Брэсце (1944), Лідзе (1945), Барысаве (1967), Бярозе, Слуцку, Гродне, Віцебску, Крычаве, Жлобіне (1971—75), халадзільнікі на Бабруйскім, Кобрынскім, Ашмянскім, Аршанскім птушкакамбінатах (1960—65), мясаперапрацоўчы з-д у Мінску (1972—74, адзіны ў рэспубліцы, вырабляе паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы з сыравіны інш. прадпрыемстваў па забоі жывёлы) і інш. Адбываліся канцэнтраванне вытв-сці, далучэнне птушкакамбінатаў да мясакамбінатаў. У 1990 М.п. Беларусі выпускала мяса 6,9%, каўбасных вырабаў 4,1% ад агульнасаюзнага аб’ёму. Для канца 1980—90-х г. характэрна стварэнне невял. прадпрыемстваў і вытв-сцей у малых населеных пунктах, блізкіх да сыравіннай базы. У 1980 М.п. налічвала 229 прадпрыемстваў і вытв-сцей, у 1988—334, у 1993—451, у 1998—695.

У 1990 вытв-сць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 889,1 тыс. т, каўбасных вырабаў 216,6 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 109,7 тыс. т, мясных і мяса-расл. кансерваў 97,1 млн. умоўных слоікаў, у 1997 — адпаведна 342; 153,9; 52,5 і 50,3, у 1998—371,7; 162,8; 60,1 і 64, на долю М.п. прыпадала 25,6% агульнай прадукцыі (у дзеючых цэнах) харч. прам-сці і 53,3% — мяса-малочнай галіны. Асн. ч. прадукцыі вырабляюць (1999) 3 мясакансервавыя (Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Баранавіцкі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя: Слуцкі мясакамбінат, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі, Жлобінскі і Гродзенскі. Прадпрыемствы галіны працуюць пераважна на мясц. сыравіне, асн. яе пастаўшчыкі — калгасы і саўгасы. Ч. прадукцыі экспартуецца.

У 1994 найб. колькасць мяса (млн. т) выпушчана ў Кітаі (41,4), ЗША (32,1), Бразіліі (8,1), Расіі (7,4), Францыі (6,2) і Германіі (5,8), найб. колькасць мяса на душу насельніцтва (кг) — у Даніі (363,2), Аўстраліі (185,7), Нідэрландах (179,8), Бельгіі з Люксембургам (151,4), ЗША (123,1), Аргенціне (109,1), Францыі (106,8) і Канадзе (106,3).

У.​У.​Некрыш.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)