Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЎЧАР (ад англ. voucher распіска, паручыцельства),
1) грашовы апраўдальны дакумент (напр., аплочаны рахунак-фактура, пагашаны рахунак або квітанцыя); распіска.
2) Дакумент, які сведчыць выдачу крэдыту, аплату.
3) Прыватызацыйны чэк на прад’яўніка для мэтавага набыцця каштоўных папер з абмежаванай сферай абарачэння — акцый, аблігацый і інш. 4) Кантрольны талон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗАВЫ МАНІТО́РЫНГ, фонавы маніторынг,
сістэма назірання за станам і прагназаванне змен агульнабіясферных, пераважна прыродных, з’яў без накладання на іх рэгіянальных антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на базе ўчасткаў біясферы, якія ў найменшай ступені закранула і мадыфікавала гасп. дзейнасць чалавека. Даныя базавага маніторынгу даюць зыходны (кантрольны) матэрыял для параўнання, разглядаюцца як пункт адліку (база) пры вызначэнні выкліканых антрапагеннымі фактарамі змен у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.
Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал.паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Ру праграмаванні,
машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.
Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,
першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.А.Ваньковіч, кн. Е.Э.Друцкі-Любецкі, В.А.Лапо, Х.Г. і А.Я.Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.С.Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн.ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).
Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец.калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.
А.Р.Варонін.
Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.