Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Цэнтральная кантрольная камісія КП(б)Б 5/330; 11/146
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),
1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).
2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.
3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.
4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦКК ВКП(б), гл. Цэнтральная кантрольная камісія ВКП(б)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯў машына- і прыладабудаванні,
інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-дспец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст.ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел.нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел.нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕДЖМЕНТ (англ. management кіраванне),
дзейнасць па рацыянальнай арг-цыі і кіраванні вытв-сцю, якая ажыццяўляецца наёмнымі і прафес. работнікамі — менеджэрамі. Распрацоўкай навук. асноў М. ў канцы 19 — пач. 20 ст. займаліся вучоныя розных краін (Адамецкі, А.А.Багданаў, М.Вебер, Г.Эмерсан і інш.). Уведзеная амер.інж. Ф.Тэйларам рацыяналізацыя працы і вытв-сці зрабіла пераварот у арганізацыі і кіраванні, спрыяла значнаму павышэнню эфектыўнасці вытв-сці. М. прадугледжвае: уменне дакладна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтным становішчам спраў у фірме і знешніх умовах яе функцыянавання; блізкасць да спажыўца і канкурэнцыю за яго; улік навацый і іх практычнае выкарыстанне; рацыянальнае выкарыстанне вытв., прац. і фін. рэсурсаў; імкненне да атрымання макс. выніку пры мінімізацыі сукупных затрат; спалучэнне свабоды і жорсткага кантролю. Вылучаюць 5 функцый М.: маркетынгавае планаванне, арг-цыя, распарадчая дзейнасць, каардынацыя (узгадненне), кантроль. Маркетынгавае планаванне прадугледжвае распрацоўку доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновых вытв.планаў, фін. плана, які ўключае каштарысы даходаў і расходаў, затрат часу і матэрыялаў, капітальных расходаў, касавы бюджэт і балансавы каштарыс. Арганізац.-кіраўніцкая функцыя М. прадугледжвае стварэнне аптымальнай структуры прадпрыемства, дзе дасягаецца ўзаемадзеянне ўсіх элементаў сістэмы, здольнае ахапіць усе віды работ і падраздзяленні розных узроўняў. Існуюць розныя віды арганізац. структур: лінейная (у невял. фірмах з аднароднай і нескладанай прадукцыяй); лінейна-штабная (утварэнне спец. службаў-штабоў для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў); дывізійная (пабудаваная па відах прадукту, рынках або групах спажыўцоў) і матрычная (у фірмах, прадукцыя якіх мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, і фірмах, што займаюцца даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі). Распарадчая функцыя характэрна для органаў кіравання фірмы або карпарацыі, якія будуюцца паводле прынцыпу піраміды (аднаступеньчатая, шматступеньчатая). Каардынацыйная функцыя ўключае забеспячэнне зладжанай работы вытв. калектыву, эфектыўнае выкарыстанне вытв. і фін. рэсурсаў, выкарыстанне аператыўнай інфармацыі для ўстанаўлення дакладнага ўзаемадзеяння паміж элементамі сістэмы. Кантрольная функцыя прадугледжвае вызначэнне дакладных стандартаў дзейнасці арг-цыі (праектаў), вызначэнне адпаведнасці рэальнай дзейнасці ўстаноўленым стандартам, выяўленне адхіленняў ад прынятых планаў і стандартаў і карэкціроўкі дзеянняў. Важнае месца ў М. займаюць праблемы кіравання працай, што арганізуецца на прынцыпах яе падзелу, спецыялізацыі работнікаў, выкарыстання эканам. форм стымуляцыі працы. Паспяховае функцыянаванне прадпрыемства ў многім залежыць ад добрай арганізацыі фін. сферы і грашовага абарачэння, аптымізацыі фін. патокаў і структуры капіталу, дэталёвага аналізу розных паказчыкаў фін.-гасп. дзейнасці фірм, кампаній і карпарацый.
Літ.:
Богданов А.А. Тектология: Всеобщая организационная наука. Т. 1—2. М., 1989;
Виханский О.С., Наумов АИ. Менеджмент. 2 изд. М., 1996;
Давыденко Л.Н. Предпринимательство без границ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.