Кансервы 5/384

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),

харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.

Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл. Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл. Кансервавая прамысловасць).

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.

Засн ў 1896 у в. Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на Мінскай вобл.). Вырабляў патаку, крухмал, спірт, павідла, кансерваваныя агуркі. У 1939 рэканструяваны. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як крухмала-патачны камбінат «Чырвоная Зорка». У 1953 перайменаваны ў клецкі кансервавы завод «Чырвоная Зорка». У 1961—75 на яго базе ў г. Клецк пабудаваны кансервавы завод з цэхамі агульных кансерваў і дзіцячага харчавання. З 1976 кансервава-вінаробны з-д. Сучасная назва з 1987. Аск. прадукцыя (1998) — кансервы дзіцячага харчавання (да 65 назваў) і агульныя (агароднінныя і пладова-ягадныя кансервы, марынады, соусы, сокі, кампоты, джэмы і інш.).

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д Знаходзіцца ў г. Кобрын Брэсцкай вобл. Засн. ў 1948. Рэканструяваны, тэхналагічна перааснашчаны. З 1998 адкрытае акц. т-ва з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1998): кансервы агароднінныя і фруктовыя, соусы, сокі пладова-ягадныя.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ МЯСАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1928—30. У 1935 уведзены ў дзеянне кансервавы цэх. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены і рэканструяваны. Асн. прадукцыя (1995): мяса, каўбасныя вырабы, кансервы мясныя, тлушч харч. і тэхн., мясныя паўфабрыкаты, сухія кармы, субпрадукты.

т. 1, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1955 у г. Маларыта Брэсцкай вобл. У 1970—78 расшыраны і рэканструяваны. Асн. прадукцыя (1999): больш за 50 найменняў, у т. л. кансервы: пладова-ягадныя агульныя і для дзіцячага харчавання (варэнне, сокі, пюрэ і інш.); агароднінныя натуральныя, марынады, ікра дыетычная, таматны соус; сушаная бульба і агародніна.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Паставы Віцебскай вобл. ў 1912 як піваварны з-д. З 1939 кансервавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1945 адноўлены і рэканструяваны ў вінаробны з-д, з 1953 — сокавы, з 1965 сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): пладова-агароднінныя кансервы, сокі, вінны напітак.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПТУШКАФА́БРЫКА імя Н.​К.​Крупскай.

У 1945 на паўн. ускраіне Мінска арганізаваны саўгас па гадоўлі птушкі. У 1950 пераўтвораны ў птушкафабрыку імя Н.​К.​Крупскай. Асн. прадукцыя (1999): свойская птушка свежая, ахалоджаная, вэнджаная, каўбасы, сасіскі, сардэлькі, кансервы з мяса свойскай птушкі, свежыя яйкі, яечны парашок, вырабы з пуху і пер’я (падушкі і коўдры).

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ МЯСАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1972—78 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У 1975 пабудаваны халадзільнік, у 1976 — мясатлушчавы, у 1977 — мясаперапрацоўчы цэхі, у 1978 — кансервавы з-д і літаграфскі цэх. У 1972—77 мясакамбінат, з 1978 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы і паўфабрыкаты, кансервы стэрылізаваныя і вяндліна пастэрызаваная, тлушчы харч., сухія кармы для жывёлы, скураная сыравіна.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГУСТА́ЦЫЯ (ад лац. degustatio каштаванне),

ацэнка якасці харч. прадуктаў арганалептычным спосабам (органамі зроку, нюху, смаку).

Пры Д. віна вызначаюцца смак, букет, празрыстасць і колер, для пеністых яшчэ і пеністасць. Пры Д. чаю ацэньваецца пах, смак і колер настою, выгляд сухога чаю і разваранага ліста. У тытуні вызначаюць пах, смак, моцнасць, наяўнасць у дыме алеістых рэчываў. Дэгустуюць таксама стравы, кансервы і інш. прадукты.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)