КАНА́РЫС ((Kanaris) Канстанцінас) (каля 1790, в-аў Псара, Грэцыя — 14.9.1877),
грэчаскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Адмірал. Вызначыўся ў час. грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. З 1826 дэп. Нац. сходу. У 1843—44 і 1854 міністр марскога флоту. Узначальваў канстытуцыйную партыю. У 1864—65 і 1877 кіраўнік урада Грэцыі.
т. 7, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РЫС ((Canaris) Вільгельм) (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),
германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм. ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютант ваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар. ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 7, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)