МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),

від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.Крапіва) і прозе (Я.Купала, Я.Колас).

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (10.8.1895, г. Палтава, Украіна — 22.7.1958),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У гумарыстычных і сатыр. апавяданнях і фельетонах (першы зб. «Апавяданні Назара Ільіча, пана Сінябрухава», 1922) стварыў тыповы для тых часоў вобраз абывацеля-прыстасаванца. Камізм сітуацый падкрэслівае трагізм тагачаснага існавання ў аповесцях «Мішэль Сінягін» (1930), «Вернутая маладосць» (1933), «Гісторыя аднаго жыцця» (1934). Самааналізам і філасафічнасцю прасякнута аповесць-эсэ «Перад усходам сонца» (ч. 1. «Ключы шчасця», 1943, ч. 2 «Аповесць пра розум», апубл. 1972). За апавяданне «Прыгоды малпы» (1945) выключаны з Саюза пісьменнікаў (адноўлены ў 1953). Аўтар камедый «Небяспечныя сувязі», «Парусінавы партфель» (абедзве 1939), біягр. аповесцей «Керанскі» (1937) і «Тарас Шаўчэнка» (1939). Творы З. на бел. мову пераклалі Я.Скрыган, В.Рабкевіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1986—87.

Літ.:

Старков А.Н. Михаил Зощенко: Судьба художника. М., 1990.

С.Ф.Кузьміна.

М.М.Зошчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)