Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЮ́КІ,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Правая Лясная. Цэнтр сельсавета і Дзярж.нац. парку Белавежская пушча. За 21 км на Пн ад г. Камянец, 60 км ад Брэста, 47 км ад чыг. ст. Жабінка. 1248 ж., 500 двароў (1997). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя экалагічная школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік на магіле сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРАВІЧЫ,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец — в.Камянюкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад Камянца, 49 км ад Брэста, 37 км ад чыг. ст. Жабінка. 647 ж., 193 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1786).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж.нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс.га (1994), у т. л. абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс.га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в.Камянюкі Камянецкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ПРЫРО́ДЫ,
прыродазнаўчанавуковыя ўстановы, якія збіраюць, захоўваюць і экспануюць калекцыі прадстаўнікоў жывёльнага (заалагічныя музеі) і расліннага (бат. музеі) свету, мінералаў (геал. музеі) і інш.
Самыя вял. і каштоўныя калекцыі знаходзяцца ў музеях Заал. і Бат. ін-таў Расійскай АН у С.-Пецярбургу, Бат. музеі Лонданскага бат. сада і Брытанскім музеі ў Лондане, Нац. прыродазнаўчым музеі ў Парыжы, Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Йорку, Нац. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Вашынгтоне і інш.
На Беларусі М.п. існуюць у Мінску (Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь), Бярэзінскім біясферным запаведніку і нац. парку Белавежская пушча. У Бярэзінскім запаведніку адкрыты ў 1940, адноўлены пасля Вял.Айч. вайны ў 1950 у в. Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Мае больш за 500 экспанатаў, пл. экспазіцыі 400 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя запаведніка і развіццё запаведнай справы, млекакормячыя і іх ахова, птушкі і іх ахова і інш. У нац. парку Белавежская пушча засн. ў 1945 на базе калекцый навук. аддзела запаведніка Белавежская пушча, адкрыты ў 1950 у в.Камянюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.Пл. экспазіцыі 775 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя Белавежскай пушчы, звяры, птушкі, шкоднікі лесу, глебы і інш. Вядуць навук. і лекцыйна-прапагандысцкую работу па пытаннях прыродазнаўства.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Музеі прыроды: 1 — у зале музея прыроды нацыянальнага парку Белавежская пушча; 2 — дыярама ў музеі прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.