ВЕ́ЙЗЭ (Апалон Анатолевіч) (н. 23.8.1923, г. Аса Пермскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец, педагог і перакладчык. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1946). Працаваў у ВНУ Расіі, з 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэорыю тэксту: распрацоўвае праблемы лінгвістыкі (граматыкі) тэксту. Аўтар прац «Сэнсавая кампрэсія тэксту ў навучальных мэтах» (на англ. мове, 1982), «Праблемы тэкстуальнай лінгвістыкі» (у сааўт., 1983), «Чытанне, рэферыраванне і анатаванне замежнага тэксту» (1985) і інш., падручнікаў англ. мовы для сярэдняй школы і адаптаваных кніг для чытання на англ. мове. Пераклаў на англ. мову кн. У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і А.Вольскага «Сцяпан — вялікі пан» (1982), апавяданні В.Быкава, П.Пестрака, А.Кулакоўскага, Караткевіча, бел. нар. казкі, з англ. на рус. мову — раман В.Скота «Чорны карлік» (1961).
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,
накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.
У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн. плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.А.Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.
Літ.:
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.
Л.Я.Мінько.
т. 12, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)