А́НГЛА-ІРЛА́НДСКІ ДАГАВО́Р 1921.

Падпісаны 6 снежня прадстаўнікамі ўрада Ірл. Рэспублікі і англ. ўрада. Заключаны ва ўмовах вызв. вайны ірл. народа (1919—21) супраць англ. ўладарання, меў кампрамісны характар. Паўд. і Цэнтр. Ірландыі (26 графстваў), якая стала называцца Ірл. Свабоднай дзяржавай, надаваўся статус дамініёна. Паўн. ч. краіны — Ольстэр — заставалася ў складзе Вялікабрытаніі. У 1949 Ірландыя (без Ольстэра) абвешчана рэспублікай.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІТ (Griffith) Артур (31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.​Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.

А.Грыфіт.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1915,

міжнародная сацыяліст. канферэнцыя, што адбылася 5—8.9.1915 у пас. Цымервальд (Швейцарыя). 38 дэлегатаў з 11 еўрап. краін, у т. л. з Рас. імперыі. Большасць яе дэлегатаў складалі цэнтрысты, якім супрацьстаяла група інтэрнацыяналістаў — Цымервальдская левая. Асн. пытанне на канферэнцыі — барацьба пралетарыяту за мір ва ўмовах 1-й сусв. вайны. Прыняты Ц.к. кампрамісны маніфест адзначыў імперыяліст. характар вайны, а курс лідэраў Інтэрнацыянала 2-га на падтрымку рабочымі ваен. намаганняў сваіх урадаў заклеймаваў як здрадніцтва прынцыпам інтэрнацыяналізму. На Ц.к. ўтварылася т.зв. Цымервальдскае міжнар. аб’яднанне — блок рэв. сацыялістаў-інтэрнацыяналістаў з цэнтрыстамі, які афіцыйна распушчаны на 1-м кангрэсе Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1073—75,

паўстанне насельніцтва Саксоніі (вобласці саксаў) і Цюрынгіі супраць герм. караля Генрыха IV. У паўстанні ўдзельнічалі сяляне на чале з мясц. знаццю. Выклікана незадаволенасцю захадамі Генрыха IV умацаваць каралеўскі дамен (будаўніцтва крэпасцей з размяшчэннем гарнізонаў; спагнанне аброку з сялян і прымушэнне іх будаваць крэпасці; адбіранне ў знаці зямель для каралеўскага дамена). Напачатку паўстанцы дамагліся поспеху: у жн. 1073 Генрых IV уцёк з абложанага Гарцбурга, крэпасці былі зруйнаваны. Але кароль атрымаў дапамогу ад феадалаў зах. і паўд. Германіі, гараджан Вормса. У вырашальны момант вярхі С.п. заключылі кампрамісны мір з каралём (лют. 1074), пакінутыя імі сяляне былі разбіты. Задушэнне паўстання садзейнічала працэсу паскарэння ўцягвання саксонскага сялянства ў феад. залежнасць.

т. 14, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДЗЕ́БНІК 1550, «Царскі судзебнік», юрыдычны дакумент Расіі перыяду саслоўнай манархіі, які садзейнічаў ліквідацыі феад. раздробленасці ў дзяржаве, хаця шэраг яго норм меў кампрамісны характар. Зацверджаны, на думку вучоных, першым на Русі Земскім саборам у 1550. Падставай для яго прыняцця паслужыла неабходнасць кансалідацыі сіл феадалаў для задушэння нар. паўстанняў, абмежавання баярскага самавольства ў судзе і ў кіраванні. Грунтуючыся на Судзебніку 1497, а таксама на сумесных рашэннях Івана IV Грознага, баяр і вышэйшага духавенства, С. 1550 скасаваў суд. прывілеі ўдзельных князёў і ўзмацніў ролю цэнтр. дзярж. суд. органаў, устанавіў парадак падачы і разгляду скаргаў на намеснікаў, што забяспечвала кантроль над імі з боку памеснага дваранства і падрыхтоўвала скасаванне сістэмы «кармлення». Упершыню ў гісторыі Расіі закон быў абвешчаны адзінай крыніцай права. С 1550 адлюстроўваў палітыку далейшага запрыгоньвання сялянства, падрабязна вызначыў становішча кабальных халопаў, удакладніў парадак выплаты пажылога, увёў новую пошліну «за павоз», пацвердзіў Юр’еў дзень.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,

міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.

Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай уніі ВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.

Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв. ВКЛ. Тэр. ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,

падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.​М.​Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыі ген. У.​Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.​Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл. Катынь).

Літ.:

Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;

Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.

Р.​Р.​Лазько, Е.​Ф.​Саўчук.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)