АЙВЗ, Айвс (Ives) Чарлз Эдвард (20.10.1874, г. Данберы, штат Канектыкут, ЗША — 19.5.1954), амерыканскі кампазітар. Выпрацаваў своеасаблівы кампазітарскі стыль, незалежны ад еўрап. традыцый. На аснове мелодый амер. песень і гімнаў стварыў арыг. сінтэз папулярнай і прафес. музыкі. Выкарыстоўваў наватарскія прыёмы, многія з якіх прадвызначылі пошукі кампазітараў Зах. Еўропы.

Тв.:

Кантата «Нябесная краіна» (1889);

5 сімфоній (1898—1915), сюіты, уверцюра, праграмныя п’есы для сімф. арк.;

камерна-інстр. ансамблі;

п’есы для аргана і фп.;

хары, песні.

Літ.:

Ивашкин А. Чарльз Айвз и музыка XX в. М., 1991.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,

кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.​К.​Канабіха, К.​Стаміца, Ф.​К.​Рыхтэра, А.​Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц. сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).

Літ.:

Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.​І.​Чайкоўскага,

вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.​Чайкоўскі, С.​Танееў В.​Сафонаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, Ф.​Лаўб, І.​Гржымалі; сярод выхаванцаў С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Зілоці, З.​Паліяшвілі, А.​Брандукоў, Л.​Нікалаеў, Р.​Гліэр, А.​Няжданава, Н.​Абухава, А.​Гальдэнвейзер, К.​Ігумнаў, А.​Гедыке, М.​Галаванаў, С.​Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.​Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.​Аборын, В.​Барысоўскі, Ю.​Башмет, Р.​Гінзбург, В.​Дулава, Я.​Зак, Л.​Коган, М.​Плятнёў, М.​Пятроў, Г.​Раждзественскі, М.​Растраповіч, С.​Рыхтэр, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, Я.​Фліер, Дз.​Цыганоў; кампазітары Дз.​Кабалеўскі, А.​Хачатуран, В.​Шабалін, Р.​Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.​Келдыш, В.​Конен, В.​Левашова, Т.​Ліванава, Л.​Мазель, І.​Несцьеў, У.​Пратапопаў, С.​Скрабкоў, Ю.​Халопаў, Ю.​Цюлін, Б.​Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.​Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.

Літ.:

Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;

Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];

Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;

Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)