ГЛАБІГЕРЫ́НЫ (Globigerina),

род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.

Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗІМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сістэмы, устаноўкі і прылады для рэгістрацыі і вымярэння іанізавальных выпрамяненняў і актыўнасці іх крыніц. Маюць дэтэктар (паглынае энергію выпрамянення; гл. Дэтэктары ядзерных выпрамяненняў), вымяральнае прыстасаванне (вымярае велічыню радыяцыйных эфектаў) і выхадную прыладу (стрэлачныя прылады, самапісцы, эл.-мех. лічыльнікі, гукавыя ці светлавыя сігналізатары і інш.). У залежнасці ад віду кантролю падзяляюць на 6 груп.

Да 1-й групы адносяць прылады для вымярэння магутнасці дозы рэнтгенаўскага γ-выпрамянення і патокаў нейтронаў з дапамогай іанізацыйных камер або сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 2-й — прылады для вымярэння патокаў α- і β-часціц з забруджаных паверхняў з дапамогай сцынцыляцыйных дэтэктараў, прапарцыянальных лічыльнікаў з паветр. запаўненнем (α-часціцы) і β-лічыльнікаў, да 3-й — устаноўкі для вымярэння забруджанасці паветра актыўнымі газамі, аэразолямі і інш. з дапамогай іанізацыйных камер, да 4-й — радыеметрычныя ўстаноўкі для вымярэння абсалютнай актыўнасці проб вады і прадуктаў харчавання з дапамогай газанапоўненых і сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 5-й — апаратура для вымярэння індывідуальных доз γ-выпрамянення і нейтронаў з дапамогай касет з фотаплёнкамі або малых іанізацыйных камер, да 6-й — устаноўкі, якія маюць вял. сцынцыляцыйныя дэтэктары, для вымярэння натуральнага γ-выпрамянення чалавека, вызначэння наяўнасці β- і γ-актыўных рэчываў. Многія тыпы Д.п. выпускаюць прадпрыемствы Беларусі.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІІ ў Расіі,

цэнтральныя ўстановы ў 18 — пач. 19 ст., якія ведалі асобнымі галінамі дзярж. кіравання. Уведзены Пятром I у 1717—21 замест прыказаў. Першыя К.: Замежных спраў, Ваенная, Адміралцействаў-К., Камер-К., Юстыц-К., Рэвізіён-К. і інш. Скасаваны з утварэннем мін-ваў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЎЗРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

сукупнасць вытв. працэсаў па аддзяленні ад масіву часткі горнай пароды з адначасовым яе раздрабненнем і перамяшчэннем пры дапамозе ўзрыву. Уключаюць бурэнне зарадных поласцяў (шпураў, свідравін, камер), размяшчэнне ў іх зарадаў выбуховых рэчываў (зараджанне), забіванне і ўзбуджэнне зарадаў (ініцыіраванне ўзрыву). Выкарыстоўваюць пры разведцы і здабычы карысных выкапняў, буд-ве плацін і інш.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРЭ́САРНАЕ МА́СЛА,

высокаачышчанае нафтавае ці сінт. масла, якое выкарыстоўваюць у поршневых і ротарных кампрэсарах для паляпшэння герметычнасці камер сціскання, змяншэння трэння і зносу, адвядзення цяпла. Маюць высокую т-ру загарання (190—275 °C). Вызначаюцца высокай тэрмічнай і хім. устойлівасцю. Эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюць увядзеннем антыакісляльных, антыкаразійных і дэпрэсарных прысадак (0,02—1% па масе).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖ (франц. page),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),

сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАГРЭ́Ў,

1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.

2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.

3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЫЛКАЎЧУКІ́,

сінтэтычны палімер, супалімер ізабутылену з невял. колькасцю ізапрэну, [—C(CH3)2—CH2—]m—[—CH2—C(CH3)=CH—CH2—]n. Мал. маса (3—7)∙10​5, шчыльн. 910—920 кг/м³, т-ра шклавання -69 °C. Асаблівасці — нізкія ненасычанасць, пара- і газапранікальнасць. Атрымліваюць нізкатэмпературнай (ад -80 °C да -95 °C) полімерызацыяй ізабутылену з 0,6—5 малярнымі % ізапрэну ў прысутнасці каталізатара (хларыд алюмінію AlCl3). Гума на аснове бутылкаўчукоў ўстойлівая да ўздзеяння азону, к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аўтамабільных і варачных камер, дыяфрагмаў фарматараў-вулканізатараў шын, дэталяў харч. машынабудавання, мед. вырабаў, электраізаляцыйных матэрыялаў і інш.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ (Hymenogastrales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.

Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)