КАМБІ́С, Камбіз,

Камбуджыя (?—522 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [530—522 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Кіра II, у 537 быў яго намеснікам у Вавілоніі. У 525 заваяваў Егіпет, захапіў у палон фараона Псаметыха III і заснаваў новую (XXVII) дынастыю фараонаў. У 524 уварваўся ў краіну Куш, але пацярпеў паражэнне. У канцы 524 ці пач. 523 вярнуўся ў Егіпет. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне Гаўматы (сак. 522 да н.э.), адправіўся ў Персію, па дарозе памёр.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕМЕНІ́ДЫ,

дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір І, Камбіс І (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый І (522—486), Ксеркс І (486—465), Артаксеркс І (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)