ГІСТАРЫ́ЗМ,

слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.

М.Р.Прыгодзіч.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),

слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаўкамбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.Дубоўка), «грыбазбіры» (П.Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.

Літ.:

Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;

Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;

Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.Мазалёва (1976), А.Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМ СССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.Ф.Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.

Тв.:

Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.

Літ.:

Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.

Г.А.Фатыхава.

Л.Н.Дробаў.
Л.Дробаў. Крым. Гурзуф. 1970-я г.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)