Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ КАМА́НДНЫ,
месца, з якога ажыццяўляецца кіраўніцтва войскамі ў час падрыхтоўкі і ў ходзе ваен. дзеянняў. У часцях, злучэннях і аб’яднаннях звычайна ствараюцца П.к.; асн., перадавыя і запасныя, рухомыя і стацыянарныя, паветр., наземныя і падземныя (у залежнасці ад прызначэння, роду і віду войск). Адным з элементаў П.к. з’яўляецца назіральны пункт. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі, на П.к. могуць размяшчацца разлікі (ВПС, ППА і інш.), якія нясуць баявое дзяжурства.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),
1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).
2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.
3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.
4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),
від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.
Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.Давідчанка (1986, камандны залік), А.Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт. т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).
т. 9, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДРЫ,
1) асноўны (штатны) склад кваліфікаваных работнікаў установы, прадпрыемства, арг-цыі якой-н. галіны дзейнасці; усе пастаянныя работнікі.
2) Ва ўзбр. сілах — камандны і радавы састаў, які знаходзіцца на абавязковай службе.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАІ́ТАВА (Святлана Мікалаеўна) (н. 3.9.1972, Магілёў),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Скончыла Магілёўскае вучылішча алімп. рэзерву (1992). Алімп. чэмпіёнка (1988, Сеул, камандны залік), чэмпіёнка свету (1989), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1987), неаднаразовы ўладальнік Кубка кубкаў, чэмпіёнка СССР. З 1991 на трэнерскай рабоце.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,
асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫ ПУНКТ (НП),
спецыяльна абсталяванае і замаскіраванае месца для назірання за дзеяннямі праціўніка, сваіх войск і за мясцовасцю (акваторыяй), а таксама для засякання цэляў і карэкціроўкі агню. Робіцца ва ўсіх відах бою. Пры наступленні Н.п. можа знаходзіцца на танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспарцёрах, верталётах і інш.; у абароне размяшчаецца ў збудаваннях, абсталёўваецца сховішчамі для асабовага складу, неабходнымі прыладамі назірання і сродкамі сувязі. Бываюць асн., запасныя, падманныя і спец. (артыл., інж. і інш.). У аб’яднаннях, злучэннях і часцях Н.п. ствараюцца звычайна з сіл і сродкаў каманднага пункта (гл. Пункт камандны) і з’яўляюцца яго элементам.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),
назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.Б.Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.
І.Г.Елісееў.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,
1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.
Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.
У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.
2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.
І.М.Вяроўка, Р.Ч.Лянькевіч.
т. 10, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)