Калядаванне 1/32; 5/283, 284; 7/418; 9/140

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯДАВА́ННЕ,

у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж. агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.

А.​І.​Гурскі.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДЫ (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян),

народнае зімовае свята дахрысц. паходжання, звязана з першым павелічэннем самага кароткага дня. У гадавым крузе нар. агр. абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркаваны да рэліг. свят Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысц. рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снеж. да 6 студз. (ст. ст.) Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці); посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)