«КАЛЮ́МНЫ»,

герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.​Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

Герб «Калюмны».

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)