ПАРАШЧЫТАПАДО́БНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, каляшчытападобныя залозы,
залозы ўнутранай сакрэцыі чалавека і жывёл. Складаюцца з 4 або 8 невял. цел, размешчаных на задняй паверхні шчытападобнай залозы. Целы ўкрыты агульнай са шчытападобнай залозай капсулай і тонкімі ўласнымі абалонкамі, ад якіх унутр цел адыходзяць перагародкі. Парэнхіма П.з. пабудавана з цяжоў і згуртаванняў клетак двух тыпаў — гал. (сакратуюць паратгармон) і аксіфільных. Рэгулююць кальцыевы і фосфарны абмен у арганізме.
А.А.Арцішэўскі.
т. 12, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́,
насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.І.Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),
пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.
т. 12, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на яго іанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац. АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац. АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г. Мн. 1997.
К.В.Фамічэнка.
т. 13, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)