КАЛЧАКА́ ЎРАД,

адзін з гал. цэнтраў антыбальшавіцкага (белага) руху ў Расіі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Створаны 18.11.1918 адм. А.В.Калчакомвярх. правіцель») замест скінутага ім урада Уфімскай дырэкторыі. Размяшчаўся ў г. Омск. Складаўся з савета міністраў і савета вярх. правіцеля; у губернях кіравалі губернатары. Меў значныя ўзбр. і паліцэйскія сілы. У рознай ступені кантраляваў тэр. Сібіры, Урала, Д. Усходу. Намагаўся аднавіць парадкі, якія існавалі да 1917 у Рас. імперыі, праследаваў бальшавікоў і інш. Пасля заняцця Омска часцямі Чырв. Арміі Калчак 4.1.1920 перадаў уладныя паўнамоцтвы ген. А.Д.Дзянікіну.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІН (Уладзімір Марцінавіч) (8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),

ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.

Літ:. Тараткевіч М. Уладзімір Азін. Мн., 1971.

У.М.Азін.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР (Васіль Канстанцінавіч) (1.12.1889, в. Баршчынка Яраслаўскай вобл., Расія — 9.11.1938),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1917 у Чырв. гвардыі. У 1919 камандаваў 51-й дывізіяй у баях супраць Калчака, у 1920 — пры абароне Кахоўскага плацдарма і штурме Перакопа. У 1921—22 галоўнакамандуючы, ваен. міністр і старшыня Ваен. савета Далёкаўсходняй рэспублікі. Пасля грамадз. вайны нач. Ленінградскага ўмацаванага раёна, камандуючы войскамі Укр. ваен. акругі. З 1929 камандуючы Далёкаўсх.: арміяй. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Рэпрэсіраваны ў 1938. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛА́Ш», «Алаш-арда»,

палітычная партыя ў Казахстане ў 1917—20. Названа па імю міфічнага продка казахаў. Утварылася ў ліп. 1917, мела абл. аддзяленні. Ідэалогія — панісламізм і панцюркізм. Дамагалася аўтаноміі Казахстана. У снеж. 1917 стварыла «партыйна-ўрадавы» цэнтр (урад) «Алашарда» на чале з А.​Букейханавым (кадэт) і «Алашскую аўтаномію» (у ліст. 1918 скасавана Уфімскай дырэкторыяй), прыняла рашэнне пра стварэнне ўзбр. сіл. Атрады алаш-ардынцаў уваходзілі ў склад белагв. войскаў Дутава, Калчака, Аненкава і інш. У грамадз. вайну яе атрады разбіты, урад разгромлены ў сак. 1920 Кірг. (Казахскім) рэўкомам.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА (Іван Паўлавіч) (27.12.1897, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 21.1.1952),

генерал-палкоўнік артылерыі (1943). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1921), артыл. камандна-тактычныя курсы (1936). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ўдзельнік баёў супраць войск Калчака і сав.-польскай вайны 1920: камісар дывізіёна, палка. Пазней нач. артылерыі дывізіі, корпуса Забайкальскай і Паўн.-Каўказскай ваен. акруг. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце: нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага войскамі, нач. артылерыі фронту. Удзельнік абароны Масквы.

І.П.Камера.

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГВА́РДЫЯ,

неафіцыйная назва ваенна-паліт. антыбальшавіцкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20, пазней — у эміграцыі. Назва «белыя» звязана з традыцыйнай сімволікай белага колеру — колеру прыхільнікаў правапарадку і ўлады манарха (у процілегласць чырвонаму — колеру рэвалюцыі). «Белы» рух меў на мэце звяржэнне сав. улады. Арганізатарамі і кіраўнікамі яго былі манархісты, партыі правых эсэраў, кадэтаў і меншавікоў. Лідэры Белай гвардыі (А.​І.​Дзянікін, А.​М.​Каледзін, А.​В.​Калчак, Л.​Г.​Карнілаў, П.​М.​Красноў, П.​М.​Урангель, М.​М.​Юдзеніч і інш.) камандавалі буйнымі вайск. злучэннямі, на падведамасных тэрыторыях стваралі свае ваенна-паліт. рэжымы (гл. Дзянікіна ўрад, Калчака ўрад, Урангеля ўрад і інш.). Пасля перамогі Чырв. Арміі ў грамадз. вайне і прыходу да ўлады бальшавікоў б.ч. белагвардзейцаў эмігрыравала (гл. Эміграцыя белая).

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКО́ВІЧ (Даніла Іванавіч) (18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,

штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц. сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел. нац. руху (П.​Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.​Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.​Асмалоўскага, раман А.​Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.​Мяснікова), друкавала нарысы Д.​Бохана, вершы З.​Гіпіус, артыкулы і нарысы інш. мясц. журналістаў і літаратараў.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),

расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр. кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1991—93;

Избранное. М., 1994.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)