Калумбійскае плато

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭГО́Н

(Oregon),

штат на Захадзе ЗША. Плошча 248, 6 тыяч км, насельніцтва 3,08 млн. чалавек, у тым ліку гарадскога каля 68% (1993). Адміністрацыйны цэнтр — г. Сейлем. Найбольшыя гарады: Портленд, Юджын з Спрынгфілдам, Олбані. На Захадзе Берагавыя хрыбты і Каскадныя горы (вулкан Худ, 3427 м), паміж імі Уіламецкая даліна, на Паўночым Усходзе Калумбійскае плато, на Паўднёвым Усходзе нагор’е Вялікі Басейн.

Клімат на ўзбярэжжы ўмераны, вільготны, ва ўнутраных раёнах кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 °C да 4 °C, ліпеня 14—20 °C, ападкаў 300—2000 мм за год. Галоўная рака Калумбія з прытокамі Снейк і Уіламет. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (секвоя, дугласава піхта і інш.). Аснова эканомікі — лясная і сельская гаспадарка. Прамысловасць: дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, алюмініевая, выплаўка нікелю, вытворчасць электроннага і высокатэхналагічнага абсталявання, металаапрацоўчая, хімічная, харчовая. Асноўны сельскагаспадарчы раён — урадлівая Уіламецкая даліна. Вырошчваюць пшаніцу, сеяныя травы, бульбу, садавіну, агародніну. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, птушак. Развіта рыбалоўства. Здабываюць ртуць, нікель. На рацэ Калумбія буйныя ГЭС. Транспарт: марскі (галоўны порт — Портленд), чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны; міжнародныя аэрапорты (Портленд, Асторыя). Развіты турызм. Нацыянальны парк Кратэр-Лейк.

М.С.Вайтовіч.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н

(Washington),

штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс. км². Нас. 5255 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-ра студз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на У т-ра студз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн. га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн. т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс. км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)