Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМА́ТКА (Filago),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 3 віды К.: палявая (F. arvensis, нар. назвы бледнік, касмотка, барадач), малая (F. minima), германская (F. vulgaris). Трапляецца на пясчаных мясцінах, пустках, у хваёвых лясах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш 10—30 см. Сцябло белашарсціста-лямцавае, адзіночнае, часта ад сярэдзіны разгалінаванае. Лісце чаргаванае, сядзячае, лінейнае, суцэльнакрайняе Кветкавыя кошыкі дробныя, яйцападобныя, бледна-жоўтыя па 2—7 у клубочках. Плод — дробная сямянка. Лек., дубільныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАХАРЫ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...харыя],
адзін з тыпаў зоахарыі, распаўсюджванне мурашкамі насення і інш. зачаткаў раслін. Назіраецца ва ўмераных і трапічных паясах (пераважна ў Бразіліі). Звязана з паяданнем мурашкамі прыдаткаў (вырастаў) на насенні, якое пры гэтым не пашкоджваецца. Да раслін, якім уласціва М., належаць многія аднадольныя (напр., гусіная цыбуля, цыбуля, перлаўка і інш.) і двухдольныя расліны (напр., калматка, крынічнік, фіялка, чабор, чубатка і інш.). Сярод іх ёсць аблігатныя мірмекахоры (распаўсюджваюцца толькі з дапамогай мурашак) і факультатыўныя (распаўсюджваюцца і інш. спосабамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).