Калектарная электрычная машына 5/359; 8/308

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́КТАРНАЯ МАШЫ́НА,

электрычная машына пастаяннага або пераменнага току (генератар, рухавік), у якой абмотка ротара злучана з калектарам. Калектарнымі з’яўляюцца ўсе пастаяннага току машыны (акрамя вентыльных і уніпалярных) і некаторыя пераменнага току машыны.

Электрамашынны калектар складаецца з ізаляваных медных пласцін, кожная з якіх далучана да аднаго або некалькіх віткоў абмоткі якара. Абмотка падключаецца да эл. сеткі праз кантактныя шчоткі, якія пры вярчэнні якара пачаргова кантактуюць з пласцінамі калектара. У эл. генератарах пастаяннага току калектар выконвае функцыю выпрамніка. Эл. калектарныя рухавікі пастаяннага току пашыраны ў сілавым прыводзе, на транспарце (іх магутнасць да некалькіх кілават, напружанне да 1,5 кВ). Калектарны генератар пераменнага току выкарыстоўваецца пераважна як крыніца трохфазнага току, якая мае магчымасць рэгуляваць частату току незалежна ад скорасці вярчэння ротара. Калектарныя рухавікі пераменнага току маюць гібкія рэгуліровачныя і мех. характарыстыкі. Аднафазныя рухавікі малой магутнасці пашыраны ў электрааўтаматыцы і быт. прыладах, трохфазныя магутнасцю да некалькіх кілават — у электрапрыводах з шырокім дыяпазонам рэгулявання скорасці. У К.м. пераменнага току калектар з’яўляецца пераўтваральнікам частаты і фазы. Калектарныя пераўтваральнікі частаты выкарыстоўваюцца ў электрамашынных каскадах (замяняюцца статычнымі паўправадніковымі пераўтваральнікамі — інвертарамі).

В.​І.​Вараб’ёў.

Калектарная машына пастаяннага току: 1 — калектар; 2 — нерухомыя шчоткі, 3 — асяродак якара; 4 — асяродак галоўнага полюса; 5 — абмотка ўзбуджэння; 6 — вентылятар; 7 — абмотка якара.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),

1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).

2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).

3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш. Гл. таксама Калектарная машына.

4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).

5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.

6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл. Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.

7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)