Калаген 3/416; 5/241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕНА́ЗА,

пратэалітычны фермент з вузкаспецыфічнай накіраванасцю да расшчаплення калагену з выдзяленнем амінакіслаты — аксіпраліну. Паводле саставу блізкая да калагену. У медыцыне К. — ферментны прэпарат, які стымулюе рассысанне тканак, што маюць калаген (напр., рубцовы), адарванне змярцвелых тканак пасля апёкаў, абмаражэння і інш. Атрымліваюць К. з падстраўнікавай залозы забойнай жывёлы.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,

раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.​Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)