Какцыды 5/240; 11/383

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫ́ДЫ,

падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.

Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),

раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн. г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)