ГІДРАФО́БЫ [ад гідра... + ...фоб(ы)],

арганізмы, якія пазбягаюць блізкасці або лішку вады (напр., кактусавыя, некат. стэпавыя, пустынныя і паўпустынныя злакавыя, саранча, скарпіёны і інш.).

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́КТУСЫ,

кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.

Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.

Літ.:

Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.

Н.​В.​Богдан.

Кактусы родаў 1 — псеўдалабівія; 2 — эрыякактус; 3 — эпіфіліум; 4 — эхінопсіс; 5 — бесхларафільныя формы; 6 — крыстатная форма.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)