КА́ЗІН (Васіль Васілевіч) (6.8.1898, Масква — 1.10.1981),

рускі паэт, адзін з пачынальнікаў рабочай тэмы ў рус. лірыцы. Арганізатар і ўдзельнік літ. групы пралетарскіх пісьменнікаў «Кузніца». Друкаваўся з 1914. У зб. вершаў «Рабочы май» (1922) услаўляў вольную працу. Прастата, канкрэтнасць лірыкі К. адрознівалі яе ад касмізму і абстрактнасці «Кузніцы». У паэме «Лісіная шуба і каханне» (1926) выкрываў мяшчанскую мараль.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1964;

Избранное. М., 1978.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУ́ЗНІЦА»,

літаратурная група ў Маскве ў 1920—31. Засн. паэтамі, якія выйшлі з Пралеткульта (В.​Александроўскі, М.​Герасімаў, В.​Казін, У.​Кірылаў, С.​Абрадовіч, М.​Палятаеў, С.​Родаў і інш.). Знаходзілася ў рамках вульгарна-сацыялагічных уяўленняў Пралеткульта аб шляхах развіцця новай паслякастр. культуры. Найб. ўвагу аддавала паэт. практыцы, маст. майстэрству. Паэзія «К.» — характэрны прыклад пралет. рамант. лірыкі перыяду ваен. камунізму. У якасці праграмных вылучала раманы «Цэмент» Ф.​Гладкова. і «Доменная печ» М.​Ляшко. У 1931 улілася ў Рас. асацыяцыю пралет. пісьменнікаў. Выпускала час. «Кузница» (1920—22), «Рабочий журнал» (1924—25) і інш.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕТКУ́ЛЬТ, пралетарская культура,

масавая культурна-асветная і літ.-маст. арг-цыя ў 1917—32. Створана ў Петраградзе. У 1920 аб’ядноўваў каля 400 тыс. чал., у т. л. амаль 80 тыс. удзельнікаў літ. гурткоў і маст. студыі у розных гарадах Расіі. Сярод тэарэтыкаў П.​А.​Багданаў, Ф.​Калінін, П.​Кержанцаў, П.​Лебедзеў-Палянскі, В.​Плятнёў; у працы П. прымалі ўдзел паэты М.​Герасімаў, В.​Казін, У.​Кірылаў і інш., рэж. Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў, В.​Смышляеў, С.​Эйзенштэйн, акцёры Э.​Гарын, М.​Штраўх і інш. П. імкнуўся стварыць шляхам развіцця самадзейнасці класавую пралет. культуру, якую могуць стварыць толькі рабочыя ў маст. студыях і клубах на аснове «арганізацыі калектыўнага вопыту», што набываецца ў індустр. грамадстве. Для П. характэрны ігнараванне літ.-маст. традыцый, пераацэнка ролі самадзейнасці ў процівагу прафесіяналізму, арыентацыя на аўтаномнасць і незалежнасць ад дзяржавы. Выдаваў 20 часопісаў, у т. л. «Горн» (1918—23), «Пролетарская культура» (1918—21) у Маскве, «Грядущее» (1918—21) у Петраградзе. Ствараў агітац.-масавыя творы, у якіх апяваў сусв. рэвалюцыю, пралет. калектывізм, фабрычна-заводскую працу, імкнуўся выявіць не асабістыя, а пераважна калектыўныя класавыя пачуцці пралетарыяту.

На Беларусі П. створаны ў 1917—18. У 1919—20 меў свае губернскія (Віцебскі, Гомельскі, Мінскі П.) і гар. (Аршанскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Магілёўскі, Полацкі, Слуцкі П.) арг-цыі, час. «Искусство» (1921) у Віцебску і «Коммунистическое просвещение» (1920—21) у Гомелі, гар. і сельскія тэатр. гурткі і нар. універсітэты. Дзейнасць П. паўплывала на асобных пісьменнікаў і публіцыстаў «Маладняка», «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і інш.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)