Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́Л (партуг. portuguer),
1) залатая манета каралеўства Партугалія 1499—1557 (з перапынкам) вартасцю ў 10 крузада (лігатурная маса 39,9 г).
2) Назва ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст. залатых манет з масай, большай за масу дуката. Першы 10-дукатавы П. 1562 ВКЛ выпусціў Жыгімонт II Аўгуст, апошні — у 1661 Ян IIКазімір Ваза. Апошнія П. — каронныя 1794 3-дукатавы і 1,5-дукатавы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. П. часта прызначаліся не для абарачэння, а даваліся манархамі як узнагарода або на памяць, таму выконваліся на высокім маст. узроўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗА, Васа (швед. Vasa, польск. Wasa),
шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн.Густавам I [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,
мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян IIКазімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1449,
пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял.кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́СТЫ (Piastowie),
польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).
Літ.:
Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Казімір) (1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл.Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл.Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі КазімірII у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.