КВА́ПІЛ (Kvapil) Яраслаў (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),
чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар.арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац.т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж.т-рана Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНЭ (Heine) Генрых (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),
нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. Набел. мову творы Гейнэ перакладалі М.Багдановіч, М.Васілеўская, А.Вяржбоўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, А.Зарыцкі, С.Ліхадзіеўскі, А.Мардвілка, Я.Семяжон, І.Сіманоўскі, Ю Таўбін.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980—83.
Літ.:
Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;
Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;
Гиждеу С.П. Лирика Г.Гейне. М., 1983;
Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́ВІЧ Пётра (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),
бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся намаст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел.нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.Багушэвіча, М.Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш.Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.Каліноўскі і В.Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял.Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Тв.:
Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.
Літ.:
Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;
Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.
Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.Рабава, «Бабскі бунт» Я.Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.Шоу) Я.Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Джулія» (паводле С.Моэма) і «Шклянка вады» У.Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу, «Гора ад розуму» А.Фельзера, «О, мілы друг» В.Лебедзева, «Сірано» С.Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.Журбіна, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.Маякоўскага) У.Дашкевіча. З пач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» намуз. І.Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» намуз. М.Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» намуз. П.Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова, «Залатое кураня» У.Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш.Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Гайда, В.Мазур, засл.арг. Беларусі А.Ісаеў, Г.Казлоў, П.Рыдзігер, В.Фаменка, засл. арт. Расіі А.Кузьмін, Н.Равінская, засл.арг. Украіны А.Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Расіі М.Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.Дзятко і К.Кузняцоў.
У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.Абраміс, П.Кірыльчанка, А.Лапуноў, балетмайстры С.Дрэчын, В.Бутрымовіч, артысты Дз.Іванова, Ю.Лазоўскі, К.Лосеў, Р.Харык, В.Шаўкалюк, Л.Рабушка, рэжысёры Б.Утораў, В.Цюпа, С.Штэйн, А.Барсегян, Р.Вікцюк, Ю.Аляксандраў, мастакі Я.Чамадураў, А.Марозаў, А.Грыгар’янц, Б.Герлаван, У.Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.Баневіча, «Дзіцячы альбом» намуз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка.
Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.Кішчанка і А.Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт. Ю.Якубовіч).
Літ.:
Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;
Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.Германа. 1992.Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.Кандрусевіча 1991.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.Глебава. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі нанац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў нарус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў нарус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна нагіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш.На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫ́СТЫКА,
навука пра народную паэтычную творчасць (фальклор) як неад’емную частку духоўнай культуры народа. Звязана з муз. Ф., этнаграфіяй, літаратуразнаўствам, абрадамі і звычаямі, міфалогіяй і інш. Задачы Ф.: збіраць і выдаваць фалькл. творы; даследаваць спецыфічныя рысы калект. вуснай нар. творчасці, гіст. заканамернасці яе развіцця, праблемы паходжання фальклору, яго жанравыя асаблівасці, ідэйна-эстэт. і інш. функцыі; спалучэнне калект. і асабістага ў творчай дзейнасці майстроў фальклору (сказіцеляў, казачнікаў, песеннікаў); высвятляць узаемасувязі фальклору і л-ры, месца і ролю нар. творчасці ў нар. побыце, у развіцці нац. культуры; нац. самабытнасць і ўзаемадзеянне вусна-паэт. творчасці розных народаў. Глыбокае вывучэнне фальклору магчыма толькі ў працэсе яго вуснага бытавання, выканання. Таму збіральніцкія і даследчыцкія задачы Ф. непадзельныя. Ф. распрацоўвае свае метады даследавання.
Творы фальклору запісваліся са старажытнасці (у Вавілоне, Кітаі, Егіпце яшчэ да н.э.). Еўрап.гіст. хронікі і літ. помнікі сярэдневякоўя ўвабралі шматлікія нар. легенды, паданні, прытчы і інш. Многія творы стараж.-рус. фальклору ўвайшлі ў летапісы, «Слова аб паходзе Ігаравым», зб-кі казанняў і г.д. Развіццё Ф. як навукі ў Еўропе пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязана з фарміраваннем нацый (асабліва слав.) і разгортваннем нац.-вызв. руху ў краінах, дзе развіваліся капіталіст. адносіны. З ростам нац. самасвядомасці нар. творчасць станавілася адным з найважн. аргументаў у адстойванні нац. культуры. Гэта выклікала шырокую цікавасць да фальклору і побыту народа. У 1706 выйшаў франц. пераклад А.Галана араб. казак «Тысяча і адна ноч». Шырокі размах набыло выданне фалькл. твораў у 2-й пал. 18 ст.: зб.стараж.англ. балад «Рэліквіі старажытнай англійскай паэзіі» Т.Персі (т. 1—3, 1765); у Расіі — «Збор розных песень» М.Чулкова (т. 1—4, 1770—74), «Збор народных рускіх песень з іх галасамі. На музыку палажыў Іван Прач» М.Львова (т. 1—2, 1790), першыя зб.літ. апрацаваных рус. казак; у Германіі — зб. «Галасы народаў у песнях» І.Гердэра (1778—79). Значнай з’явай у Ф. пач. 19 ст. было выданне рус. былін (1804), сербскіх эпічных песень (1814), ням. казак братоў Грым (1812). Фалькларыстычныя працы слав. вучоных 19 ст. прасякнуты патрыят. ідэямі нац. вызвалення (у Чэхаславакіі Ф.Чэлакаўскі, Л.Штур, П.Шафарык, Ян Колар; у Сербіі В.Караджыч; у Балгарыі Дз. і К. Міладзінавы, Л.Каравелаў; у Польшчы К.Брадзінскі, К.Вуйціцкі). Рус. Ф. ў 18 ст. назапасіла шмат фактычнага матэрыялу, які даследавалі прадстаўнікі розных школ: міфалагічнай (Ф.Буслаеў, А.Афанасьеў, А.Мілер), міграцыйнай (Буслаеў у апошні перыяд сваёй дзейнасці, М.Сумцоў), гістарычнай (А.Весялоўскі). У выніку іх даследаванняў і сістэматызацыі намечаны прынцыпы эстэт.гіст. аналізу фальклору. Перадавая рус. Ф. звязана з працамі і тэарэт. абгрунтаваннямі дзекабрыстаў і рэвалюцыянераў-дэмакратаў (В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, І.Прыжоў), артыкуламі і выказваннямі пра фальклор рус. пісьменнікаў А.Радзішчава, А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, М.Салтыкова-Шчадрына, Г.Успенскага і інш. Росквіт рус. Ф. прыпадае на 2-ю пал. 19 ст., калі выйшлі ў свет фундаментальныя фалькл.зб-кі А.Афанасьева, П.Кірэеўскага, І.Худзякова, Дз.Садоўнікава, П.Рыбнікава, А.Гільфердзінга, П.Шэйна, А.Сабалеўскага, У.Даля і інш. Развіццю Ф. садзейнічалі Б. і Ю. Сакаловы, М.Андрэеў, М.Азадоўскі, У.Проп, П.Багатыроў, Г.Астахава, В.Жырмунскі, У.Чычараў і інш.
Першыя пісьмовыя звесткі пра бел.нар. творчасць — пераказы паданняў і легенд, упамінанне фалькл. герояў, прыказак у летапісах і хроніках 14—16 ст., дакументах і дзярж. перапісцы (напр., у «Допісах» Ф.Кміты-Чарнабыльскага 1572—74), палемічнай л-ры. Запісы і публікацыю бел. прыказак з Віцебшчыны і Полаччыны — сваёй радзімы — зрабіў С.Рысінскі (1618). У працы «Апісанне Крычаўскага графства» (1786, апубл. 1901) А.Меер змясціў бел. купальскую песню з апісаннем абраду. Як навука бел. Ф. пачала складвацца з 1-й чвэрці 19 ст.Бел. фальклор збіралі і вывучалі рус. і польскія даследчыкі (І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, І.Сахараў, П.Кірэеўскі, В.Бадзянскі, К.Вуйціцкі, Ю.Крашэўскі, В.Поль, Л.Бароўскі), ураджэнцы Беларусі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Л.Галамбёўскі, А.Рыпінскі, Р.Падбярэскі, Я.Баршчэўскі, Я. і К. Тышкевічы, Р.Зянькевіч, У.Сыракомля, А.Кіркор і інш. Шэраг арт. і публікацый бел.нар. твораў паявіўся ў польскім і рус. друку (арт. М.Чарноўскай у час.«Дзеннік Віленьскі», 1817, т. 6; ананімны арт. пра бел. вясельныя абрады ў час.«Тыгоднік Віленьскі», 1819, т. 7; публікацыі ў час. «Пантеон», «Маяк», «Современник» і інш.). У 1830—50-я г.зб-кібел. фальклору выдавалі Чачот, Рыпінскі, Р.Зянькевіч, П.Шпілеўскі і інш. З канца 1840-х г.бел. фальклор пачаў паступаць у Рускае геагр.т-ва. Афанасьеў у зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63) змясціў больш за 20 бел.нар. казак. Апрацаваныя казкі з ваколіц Навагрудка склалі «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853). Пасля паўстання 1863—64 абудзіліся шырокія слаі мясц. інтэлігенцыі, якая шмат зрабіла для збірання, публікацыі і даследавання бел. вуснапаэт. творчасці. Бел. фальклорам зацікаваліся і рус. інтэлігенты, якія працавалі на Беларусі. Яны стаялі на розных ідэйных і навук. пазіцыях. Напр., П.Гільтэбрант або П.Бяссонаў, Кіркор, Шэйн і інш. Разнастайнасцю публікацый і жанравага складу розных відаў бел. казачнага эпасу вылучаўся зб. М.Дзмітрыева «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869).
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выдадзена значная колькасць фальклорна-этнагр. зборнікаў, у якіх змешчаны розныя віды і жанры нар. творчасці, у іх ліку «Зборнік беларускіх прыказак» і «Беларускія песні» (абодва 1874) І.Насовіча, «Беларускія народныя песні» (1874) і «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) Шэйна; «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» (кн. 1—3, 1882—84) А.Дамбавецкага; «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) і «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12) Е.Раманава; «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903) У.Дабравольскага; «Люд беларускі...» (т. 1—8, 1897—1981) М.Федароўскага; «Простанародныя прыкметы і павер’і...,» (1897), «Нячысцікі...» (1907) і «Беларускія песні-частушкі» (1911) М.Нікіфароўскага; «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў» (1898) Я.Ляцкага. Бел. фальклор збіралі і даследавалі Ю.Крачкоўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Янчук, П.Дземідовіч, Дз.Булгакоўскі, С.Малевіч, І.Гарбачэўскі, Я.Карскі, С.Карскі, Бірута, У.Вярыга, Я.Карловіч, О.Кольберг, З.Глобер, Э.Кліх, І.Бадуэн дэ Куртэнэ, Л.Куба, А.Чэрны, Л.Васілеўскі, У.Дыбоўскі, Ч.Пяткевіч, К.Машынскі і інш. Шмат зрабіў у гэтым плане Паўн.-Зах. аддзел Рус.геагр.т-ва (1867—75, 1910—14). Значнай з’явай бел. Ф. стаў зборнік А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911); у ім змешчаны творы таленавітых казачнікаў, якія адлюстравалі ў казках вострыя сац. пытанні, што хвалявалі нар. масы. У ліку найважн.тэарэт. прац па бел. Ф. былі «Беларуская этнаграфія» (1887, дапоўн. варыянт у «Гісторыі рускай этнаграфіі», т. 4, 1892) А.Пыпіна, «Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас» (1895) А.Лабады, першы сістэматызаваны курс бел.нар. паэзіі «Беларусы» (т. 3, вып. 1, 1916) Я.Карскага.
У 1924 пры Інбелкульце ўтворана Цэнтр. бюро краязнаўства, а ў 1927 — фальклорная камісія пры кафедры этнаграфіі Беларусі, якія займаліся зборам і публікацыяй вуснай нар. творчасці. Сержпутоўскі выдаў «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930), А.Шлюбскі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1—2, 1927—28), М.Гарэцкі і А.Ягораў — «Народныя песні з мелодыямі» (1928). Пасля ўтварэння АН Беларусі збіранне і вывучэнне фальклору канцэнтравалася ў сектары этнаграфіі і фальклору пры Ін-це гісторыі. У Вял.Айч. вайну багатыя запісы бел. фальклору і нотны матэрыял у АН Беларусі былі знішчаны ням. фашыстамі. Пасля вайны дзейнасць па зборы нар. творчасці канцэнтравалася пераважна ў ВНУ, рэсп. і абласных Дамах нар. творчасці. У 1957 засн.Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, які ўзначаліў усю працу па Ф. Выдадзены зб. «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961); «Беларускія народныя песні» (т. 1—4, 1959—76) Р.Шырмы; «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (2-е выд., 1962) Ф.Янкоўскага; «Анталогія беларускай народнай песні» (1968) Г.Цітовіча; «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (абодва 1973), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995); «Песенны фальклор Палесся» (т. 1—3, 2001—02) У.Раговіча, гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), хрэстаматыі і дапаможнікі для студэнтаў ВНУ і інш. З 1970 пачала выдавацца серыя «Беларуская народная творчасць», у якой найб. поўна адлюстраваны надзвычайнае багацце бел.нар. творчасці, уклад бел. народа ў сусв. скарбніцу паэт. і муз. культуры. У гэтай серыі выйшла больш за 50 тамоў: зімовыя, веснавыя, валачобныя, купальскія і пятроўскія, восеньскія і талочныя, жартоўныя песні, песні пра каханне, «Песні Беласточчыны»; казкі; вясельная, сямейна-быт., радзінная паэзія; прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі, анекдоты, жарты, гумарэскі; пахавальныя галашэнні; балады, легенды і паданні; нар. тэатр, нар. гульні і г.д.
Надрукаваны манаграфіі пра розныя жанры і віды фальклору, іх паэтыку і маст. асаблівасці, у іх ліку «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975) і «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Беларуская казка» (1969) Л.Барага; «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971) і «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Беларуская частушка» (1971) І.Цішчанкі; «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993), «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў» (1998) А.Ліса; «Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору» (1976), «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» (1985), «Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў» (1990) Г.Барташэвіч; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979) У.Васілевіча; «Зімовая паэзія беларусаў» (1980) і «Беларускія загадкі» (2000) А.Гурскага; «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982) Г.Пятроўскай; «Крынічнае слова: Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1987) Р.Шкрабы, І.Шкрабы; «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1989) І.Крука; «Беларуская сацыяльна-бытавая казка» (1995) і «Беларуская сямейна-абрадавая паэзія» (1997) А.Фядосіка; «Слоўнік беларускіх прыказак» (1996) І.Лепешева і М.Якалцэвіч; «Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце» (1998) К.Кабашнікава; «Прыказкі і прымаўкі» (2000) А.Аксамітава. Важныя праблемы бел. Ф. распрацаваны ў зб-ках «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) і «Фальклор і «масавая культура» (1986) Фядосіка, «Асілкі беларускіх казак і паданняў: Да пытання пра фарміраванне ўсходнеславянскага эпасу» (1963) Барага, «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні» (1981) Кабашнікава. Выйшлі кнігі пра жыццё і дзейнасць збіральнікаў бел.нар.паэт. творчасці, у іх ліку пра М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, А.Ю.Багдановіча, А.К.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.В.Шэйна, З.Я.Даленгу-Хадакоўскага. Складзены паказальнік казачных сюжэтаў (Бараг, І.Беразоўскі, Кабашнікаў, Новікаў).
Бел. вуснапаэт. творчасць даследавалі рус. фалькларысты Я.Гусеў, М.Краўцоў, Новікаў, В.Сакалова, Э.Памяранцава, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, Беразоўскі, Н.Шумада, В.Юзвенка, І.Хланта і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, М.Гайдук, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.Наміжнар. з’ездах славістаў бел. вучоныя ўздымаюць складаныя праблемы бел. Ф.: «Сучасны стан беларускай народнай паэтычнай творчасці» (1973, Барташэвіч і Кабашнікаў), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (1988), «Месца фальклору ў сучасных славянскіх культурах» (1998, усіх аўтар Кабашнікаў), «Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму» (1973, В.Бандарчык і Л.Малаш), «Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага» (1993, Аксамітаў і Бандарчык), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, Гілевіч), «Прынцыпы класіфікацыі і выдання фальклорных твораў у шматтомным зводзе беларускай народнай творчасці» (1983), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998, аўтар абедзвюх Фядосік), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, З.Мажэйка і Фядосік), «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (1998, Мажэйка). Гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел.муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію, стылявыя характарыстыкі, этнамуз. дыялекталогію і інш. даследуюць этнамузыколагі В.Ялатаў, Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева. Нар.танц. фальклор даследавалі Ю.Чурко і Л.Алексютовіч, муз. інструменты — І.Назіна. Характар узаемасувязей бел. л-ры і вуснапаэт. творчасці даследавалі М.Грынчык («Максім Багдановіч і народная паэзія», 1963; «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969), А.Макарэвіч («Ад песень і думак народных», 1965), І.Чыгрын («Станаўленне беларускай прозы і фальклор», 1971), А.Лойка («Беларуская паэзія пачатку XX ст.», 1972; «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», ч. 1—2, 1977—80, 2-е выд. 1989), В.Каваленка («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975; «Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981), А.Мальдзіс («На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), М.Тычына («Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры», 1991) і інш.
З 19 ст.бел. фальклор публікавалі і даследавалі ў Чэхаславакіі П.Шафарык, А.Чэрны, І.Поліўка. Начэш. мове выд.зб. «Беларускія народныя казкі» (1957), на славацкай «Каток — залаты лабок» (1967). Франц. фалькларыст А.Мільен у працы «Песні расійскага народа» (1893) змясціў пераклады бел. калядных, юраўскіх, купальскіх, талочных і інш. песень. Пра бел. фальклор пісалі ў Англіі В.Ральстан, В.Морфіл, Д.Энтвістл, у Аўстрыі Г.Крэк, у Італіі Д.Чыямполі, у Югаславіі М.Гавацы. Зборнікі бел. казак выдадзены ў Балгарыі (1964), у Польшчы (1973, 1976, 1977). Бел. казкі змясціў у кнізе «Рускія казкі» (191.4, 2-е выд. 1955) А.Лёвіс-оф-Менар. Наням. мову пераклаў 40 бел.нар. песень П.Айснер. З 1966 выходзілі «Беларускія народныя казкі» (скл. Бараг; 10-е выд. 1980), надрукавана кніжка бел. казак для дзяцей «Салавей-разбойнік» (1969). У «Энцыклапедыі казкі» (т. 1—6, 1989—92) ёсць артыкулы Барага пра бел. казкі, іх герояў, сюжэты і матывы, рэпертуар казачнікаў і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4 СПб., 1892;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 1—2. М., 1958—63;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Нудзьга Р. Беларуская песня за мяжой // Полымя. 1967. №4;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Гацак В.М. Фольклористика Советского Союза за 50 лет // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1972. Т. 31, вып. 6;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер. с итал. М., 1960;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;
Яго ж. Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг.Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТ
ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.
Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.Аліўе, Л.Дзюпрэ, А.Лойка і Г.Петынеці, А.Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.А.Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.Барцанці, Марыядзіні, Дз.Хорватам і М.Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.Бжазінскі, К.Буткевіч, Я.Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам франц. балетмайстра М.Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэнне прафес.муз.-драм.т-рана Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.
СУЧАСНЫ БАЛЕТ.
Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Капелія» Л.Дэліба, «Фея лялек» І.Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Фауст» Ш.Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.Бурэйка, Я.Вяпрынскі, Р.Гімпелева, Н.Гурвіч, С.Дрэчын, К.Калітоўская, Т.Новікава, К.Пекур, Т.Узунава, Н.Фінская, Ю.Хіраска і інш. З 1933 дзейнічаў Дзярж.т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра (балетмайстар Л.Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва з рас. балетмайстрамі Ф.Лапуховым (балет «Капелія» Л.Дэліба, паст. 1935), К.Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.Крошнера (лібрэта Ю.Сланімскага па аднайм. аповесці З.Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.Ермалаева і Ф.Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел.муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З.Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.Глінскіх, Т.Караваева, Б.Карпілава, Н.Младзінская і інш. У гады Вял.Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.Л.Гертэля ў пастаноўцы З.Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.Дрыга (пастаноўка В.Вайнонена, 1945).
У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі нанац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.Нікалаевай (Надзейка), С.Дрэчына (Васіль) і С.Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.Караева (балетмайстар Н.Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.Глебава (балетмайстар А.Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (лібрэта М.Алтухова паводле рамана П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.Андрэева і Н.Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі набел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.Глебава (лібрэта Р.Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.Быкава, харэограф А.Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.Малышава, у ролі Івана — Л.Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.Давыдзенка, В.Давыдаў, І.Дзідзічэнка, А.Карзянкова, Р.Красоўская, М.Красоўскі, В.Крыкава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Я.Паўловіч, І.Савельева, Л.Ражанава, М.Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» намуз. Р.Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.Чайкоўскага, «Раймонда» А.Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.Дадышкіліяні) і інш.
У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.Бржазоўская, Н.Дадышкіліяні, І.Душкевіч, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Т.Яршова і інш. З 1973 трупу ўзначальвае В.Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне набел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.Елізар’ева.
У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.Арыпава, І.Бельскі, А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, М.Далгушын, Д.Зайферт, Р.Захараў, У.Іваноў, Ф.Коэн, Г.Маёраў, Р.Паклітару, Н.Фурман, Ю.Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.Глебава (1982), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.В.Хенцэ (1992), «Серэнада» П.Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.Залётнева (1996), «Раймонда» А.Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.Залётнева (лібрэта Ю.Чурко, харэаграфія і паст. У.Іванова і Ю.Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.
У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.Артамонаў, А.Бубер, В.Гайко, У.Далгіх, А.Ішчанка, Л.Кудраўцава, Ж.Лебедзева, Р.Мінін, С.Пясецкая, В.Пятроўскі, Н.Рабцава, А.Рымашэўскі, А.Фурман, Т.Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.Ватанабе, К.Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.
Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел.дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.Акімава, С.Вядзмедзь, У.Казінец, У.Крупскі, Ю.Лапша, Л.Рабушка, Г.Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (харэографы В.Саркісьян і В.Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.Бутрымовіч, С.Дрэчын, М.Красоўскі, В.Саркісьян, Л.Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» нанар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.Кандрусевіча (лібрэта Ю.Чурко, пастаноўка У.Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Р.Івакіры, В.Краснаглазаў, Р.Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты набел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. Наўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі напаэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ насац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных нанар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне нанац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш.На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча нарус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар.казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры нафалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя нанац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ПАЭТЫ́ЧНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ,
вусная народная творчасць, фальклор, адзін з відаў маст. творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэт. ўзоры.
Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзія — найб.стараж. віды бел. фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў нар. земляробчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сял. сям’і. Як і ў інш.слав. народаў, багаты раздзел бел. фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы с.-г. каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыяліст. светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.
Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, гал.ч. у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»), Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыст. характар. Бел. калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкр. калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш., якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра. На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асн. матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Бел. веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі бел. фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутр. светам і пачуццямі. А.Я.Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў бел. песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некат. валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіц. рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэт. сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.Р.Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэт. календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з’яў у бел. вуснай нар. творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі бел. фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў). З першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця стараж. звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні (гл.Русальныя песні) якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найб. даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл.Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне. Самае значнае і самае стараж. свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найб. сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па расе, шукалі кветку папараці. Аграрна-магічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і стараж. анімістычным светапоглядам сведчаць і павер’і пра размову дрэў. травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы, многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі. Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліп.). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрна-магічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады»на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды стараж. анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб’екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод бел.традыц. песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэаліст. характару.
У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нац. спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных слав. народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэт. нормаў, густаў, ідэалаў. Укр. вучоны Ю.З.Круць даказаў, што ўкр., бел. і польскія жніўныя песні найб. збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сац.-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя насац.-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербскахарвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічныя баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканам.. паліт. і культ. ўмовамі іх жыцця.
Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.
Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асн. змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыц.нар. лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некат. даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэаліст. элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асн. матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору інш. народаў. Тысячы нар. песень услаўляюць каханне (гл.Песні пра каханне). Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў нар. лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю маст. абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях. У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры інш. народаў, багата песень гумарыст. і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Ліра-эпічным складам і драм. напружанасцю вызначаецца бел.балада. Яна амаль заўсёды паэт. драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Бел. балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найб. вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы бел. балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт бел. балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны. Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са стараж. жанраў бел. фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.
Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэт. выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філас. асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прыродай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання маст. густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Укр. фалькларыст С.У.Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання бел. казкі не маюць сабе роўных. Бел.казкі пра жывёл ён называў перламі бел. казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.Поліўка лічыў бел. казачны эпас адным з найбагацейшых у вусна-паэт. спадчыне славян, а яго найб. важнай рысай — вял. колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнар. паказальніку Аарнэ—Томпсана (АТ). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рус. і бел. фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польск. і бел. фальклору. У бел. і польск. вуснай нар. творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (АТ 102), «Леў, конь і воўк» (АТ 118), «Антаганізм сабакі і ката» (АТ 200), якіх няма ў рус. казачным эпасе. У АТ не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб’я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.Федароўскага). Паводле падлікаў Л.Барага, у бел. фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкр. — 187, у рус. 144. Легендарных казак у бел. фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкр. —196, рус. — 56. Спецыфічную для бел. фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з бел. паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навук. л-ры адзначалася роднасць бел. паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Бел. паданні пра асілкаў А.Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі бел. і рус. паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фін. і зыранскімі паданнямі. Я.Колас, які сам збіраў і апрацоўваў бел.нар. казкі, быў знаёмы з карэла-фін. «Калевалай», якую Э.Лёнрат стварыў з карэла-фін. рунаў, эст. «Калевіпоэгам», напісаным Ф.Крэйцвальдам паводле эст. ліра-эпічных песень, казак і паданняў, лат.«Лачплесісам», створаным А.Пумпурам з лат. казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нац.паэт. эпасу і ў бел. л-ры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сац. і рэліг. ўціску. Пазнавальную і эстэт. каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатыр.антырэліг. казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»), Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найб. вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне нас. пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д. Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных нар. апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках. Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, маст. дасканаласцю і з’яўляюцца важным сродкам нар. педагогікі. Лепшыя ўзоры бел. фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».
Публ.:
Даль В.И. Пословицы русского народа. М., 1862;
Номис М. Українскі приказки, прислів’я і таке інше... СПб., 1864;
Бессонов П.П. Белорусские песни... М., 1871;
Носович И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874;
Романов Е.Р. Белорусский сборник Вып. 1—9. Киев и др., 1886—1912;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1—3. СПб., 1887—1902; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1—4. СПб., 1891—1903; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Т. 5—6. Warszawa, 1958—60; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1—2. Мн., 1927—28; Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76; Історичні пісні. Київ, 1961; Родинно-побутова лірика. Київ, 1964; Колядки та щедрівки. Київ, 1965; Жартівливі пісні. Київ, 1966; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобл.Мн., 1973; Песні сямі вёсак. Мн., 1973; Рекрутські та солдатські пісні. Київ, 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975; Лірычныя песні. Мн., 1976; Казки про тварин. Київ, 1976; Лірыка беларускага вяселля. Мн., 1979; Весільні пісні. Кн. 1—2. Київ, 1982; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Гомельская вобл.Мн., 1989; Легенди та перекази. Київ, 1985; Героїко-фантастичні казки. Київ, 1984; Пісні кохання. Київ, 1986; Балади: Кохання та дошлюбні взаемини. Київ, 1987; Балади: Родинно-побутови стосунки. Київ, 1988; Афанасьев А.Н. Народные русские сказки. Т. 1—3. М., 1985—86; Яго ж. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобл.Мн., 1995; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.
Літ.:
Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу Т. 1—3. М., 1865—69;
Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Гродно, 1895;
Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. СПб., 1897;
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Яго ж. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976;
Яго ж. Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян. Мн., 1978;
Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;
Яго ж. Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні. Мн., 1981;
Яго ж. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. Мн., 1998;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;
Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак;
Сістэм. паказ. Мн., 1978;
Яго ж. «Асілкі» белорусских сказок и преданий: (к вопросу о формировании восточнослав. эпоса) // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;
Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;
Яго ж. Трапным народным словам. Мн., 1971;
Яго ж. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;
Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;
Яго ж. Русская сказка. Л., 1984;
Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;
Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;
Яго ж. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. № 1;
Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. № 2;
Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;
Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;
Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;
Яго ж. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998;
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Яе ж. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Яе ж. Магічнае слова. Мн., 1990;
Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;
Салавей Л.М. Беларуская народпая балада. Мн., 1978;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Весенние праздники. М., 1977;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;
Василевич В.А. Восточнославянская юмористическая песня. М., 1979;