ПАЎЛЮ́К (сапр. Б у т Павел Міхнавіч; ? — 19.4.1638),
кіраўнік казацка-сял. паўстання на Украіне супраць польскіх феадалаў у 1637—38. Казак Запарожскай Сечы, у 1635 разам з І.Сулімай на чале нерэестравых (якія не былі на службе ў караля Рэчы Паспалітай) казакоў узяў польскую крэпасць Кадак. У 1637 у якасці гетмана нерэестравых казакоў узначаліў антыфеад. і нац.-вызв. паўстанне, якое ахапіла пераважна Левабярэжную Украіну. 16.12.1637 каля с. Кумяёк (цяпер Чаркаскай вобл.) казацка-сял. войска пацярпела паражэнне ад арміі Рэчы Паспалітай на чале з польным гетманам М.Патоцкім і пазней капітулявала. П. і інш. кіраўнікі паўстанцаў пакараны смерцю ў Варшаве.
т. 12, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Хмара (кіраўнік казацка-сялянскага атрада) 12/99
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Юрэвіч (кіраўнік казацка-сялянскага атрада) 12/99
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс. ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Севярын) (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),
кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр. паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.
т. 11, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.
А.П.Грыцкевіч.
т. 9, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),
дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.
т. 11, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дубіна (кіраўнік казацка-сялянскага атрада ў 16—17 ст.) 9/17
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.
Падпісаны гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс. чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)