Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.
Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).
М.А.Каладзінскі.
Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«Козачка», «Казёл», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Верагодна, мае вытокі ў стараж. абрадавым хаджэнні з «казою» на каляды. У аснове харэаграфічнага малюнка — імітацыя розных рухаў і звычак коз (тупат, скачкі і інш.). Бытуе ў мностве варыянтаў амаль на ўсёй тэр. Беларусі. Некат. варыянты маюць элементы гумарыстычнага ігравога дзеяння, акрабатыкі. Выконваецца пад прыпеўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́,
1) у беларусаў прыстасаванне для начной лоўлі рыбы восцямі. Мела выгляд плеценага з дроту кошыка, на якім распальвалі агонь і падвешвалі на канцы палкі, устаноўленай на носе лодкі або чоўна. Рабілі і са скляпаных паміж сабой метал. пласцінак, якія прымацоўвалі да палкі ўтулкай, на ПнЗ Беларусі — з метал. пласцін у выглядзе жолаба.
2) Сажань, драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каза свойская 5/234
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Дзікая каза, гл. Казуля
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЦІ,
старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл.Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50°паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.