Кадравая армія 1/440; 5/209
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДРАВАЯ СІСТЭ́МА, кадравая пабудова,
сістэма арганізацыі ўзбр. сіл, заснаваная на ўтрыманні ў іх у мірны час мінімальнай колькасці кадравых злучэнняў і часцей, якія папаўняюцца пры мабілізацыі да штатаў ваен. часу шляхам прызыву абучаных кантынгентаў з запасу. Упершыню ўведзена ў Прусіі ў 1814, потым паступова і ў інш. краінах.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДРАВАЯ А́РМІЯ,
1) пастаянная рэгулярная армія (узбр. сілы), якая ўтрымліваецца дзяржавамі ў мірны час у скарочаным складзе для вырашэння першачарговых задач з пачаткам вайны, а таксама для падрыхтоўкі ваенна-абучаных рэзерваў, ажыццяўлення мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл. Забяспечвае спалучэнне патрабаванняў ваен. буд-ва і эканомнага выкарыстання людскіх і матэрыяльных магчымасцей дзяржавы.
2) У некат. літ. крыніцах назва арміі, якая мае арганізацыю, тэхн. аснашчэнне, падрыхтоўку і баявы вопыт, што адпавядаюць патрабаванням вядзення сучаснай вайны.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),
1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.
Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.
2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.
3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.
4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.
5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).
6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).
т. 1, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)