КА́ВЕРЫ,

рака на Пд Індыі. Даўж. каля 800 км, пл. бас. 82,3 тыс. км. Пачынаецца на схілах Зах. Гатаў, перасякае паўд. ч. Дэканскага пласкагор’я, дзе ў вузкіх цяснінах утварае вадаспады (выш. да 91 м), упадае ў Бенгальскі заліў (пл. дэльты каля 10 тыс. км2). Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Сярэдні гадавы расход вады 550 м3/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, на вадаспадах ГЭС. 2 буйныя вадасховішчы. Суднаходная ў вусці і на асобных участках у сярэднім цячэнні. На К. — г. Тыручырапалі.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),

пласкагор’е ў Індыі, унутр. ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн. км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.

На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСТА́Н,

паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн. км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак. Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)