шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.
Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).
Літ.:
Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;
Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;
Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;
Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;
Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;
Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;
Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАДРУКАВА́ННЕ,
комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.
Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж.геадэзічнай сеткі і інш.Картаскладальныя работы — графічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).
На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.
Літ.:
Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;