ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.Шапэна, а таксама Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Шуберта, Ф.Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РАЛ (Carroll) Льюіс [сапр. Доджсан

(Dodgson) Чарлз Латуідж; 27.1.1832, Дэрсберы, каля г. Уорынгтан, Вялікабрытанія — 14.1.1898], англійскі пісьменнік, матэматык. Скончыў каледж у Оксфардзе. У 1855—81 праф. матэматыкі Оксфардскага ун-та. У 1861 прыняў сан дыякана. У 1867 наведаў Расію, напісаў «Рускі дзённік». Найб. вядомы яго казачныя аповесці «Аліса ў краіне цудаў» (1865) і «Праз люстэрка» (1871). У паэтыцы аповесцяў, пабудаваных на снах Алісы, дамінуюць прынцыпы «бяссэнсіцы» і інтэлектуальнай гульні; для іх характэрна спалучэнне гратэску, гумару з літ. алюзіямі і запазычаннямі. Аўтар паэт. кн. «Паляванне буркуна» (1876),

рамана «Сільві і Бруна» (ч. 1—2, 1889—93), зб-каў вершаў, загадак, шматлікіх прац па матэматыцы і логіцы. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну (98 721 ліст).

Тв.:

Рус. пер — Алиса в Стране чудес;

Алиса в Зазеркалье. М., 1991;

Логическая игра. М., 1991.

Літ.:

Демурова Н.М. Льюис Кэрролл. М 1979;

Падни Дж. Льюис Кэрролл и его мир: Пер. с англ. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЭ (Hesse) Герман

(2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),

нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел. пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.

Тв.:

Бел. пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;

Паэт;

Воўк // Крыніца. 1995. № 3;

Рус. пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;

Игра в бисер: Роман;

Рассказы. М., 1984;

Последнее лето Клингзора. М., 1986;

Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;

Сиддхартха. Мн., 1993;

Собр. соч. Т. 1—8. М.;

Харьков, 1994—95.

Літ.:

Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;

Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;

Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;

Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;

Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;

Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)