БЕ́ЛАЯ ГАРА́ (Bilá Hora),

гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ТКІ,

адзінка часу, роўная 24 гадз. Адрозніваюць зорныя С., роўныя перыяду абарачэння Зямлі вакол сваёй восі адносна пункта вясенняга раўнадзенства, і сонечныя С. — перыяд абарачэння Зямлі адносна Сонца.

Зорныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства. У залежнасці ад выбару пункта вясенняга раўнадзенства (сапраўдны — разглядаецца рух гэтага пункта з улікам прэцэсіі і нутацыі, сярэдні — улічваецца толькі прэцэсія) адрозніваюць сапраўдныя (іх працягласць непастаянная і бесперапынна мяняецца з-за нутацыі) і сярэднія зорныя С. (на 0,0084 с карацейшыя за сапраўдны перыяд абарачэння Зямлі). Сонечныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі Сонца. З прычыны экліптычнасці зямной арбіты і нахілу экліптыкі да экватара прамежак часу паміж 2 кульмінацыямі рэальнага Сонца — працягласць сапраўдных сонечных С. — мяняецца на працягу года ад 24 гадз 3 мін 36 с (у сярэдзіне вер.) да 24 гадз 4 мін 27 с (у канцы снеж.) зорнага часу. На практыцы карыстаюцца сярэдняй працягласцю сонечных С. за год — сярэднімі сонечнымі С., роўнымі 24 гадз 3 мін 56,55536 с зорнага часу. Гл. таксама Каляндар.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОЗ,

у Рускай дзяржаве 15—17 ст. вышук і вяртанне збеглых сялян дзярж. органамі і феадаламі ў сувязі з запрыгоньваннем сялянства. Узмацніўся ў 16 ст., набыў сістэм. характар з увядзеннем у 1592—93 поўнай забароны выхаду сялянскага і асабліва пасля прыняцця Саборнага ўлажэння 1649. З гэтага часу З. ажыццяўляўся спец. «вышуковымі» камісіямі, вынікі дзейнасці якіх фіксаваліся ў «звозных» кнігах.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́БШЧЫНА, серабшчызна. 1) грашовы падатак у ВКЛ у 14—16 ст. Збіралася з усяго насельніцтва ў манеце («серабром») на карысць дзярж. скарбу, пакуль Казімір IV Прывілеем 1447 не вызваліў ад яе выплаты баяр. З гэтага часу С. збіралася землеўладальнікамі на сваю карысць. Паступова злілася з інш. грашовай данінай.

2) Надзвычайны дзярж. падатак на ваен. мэты ў 15—16 ст. Выплачвалі землеўладальнікі, дзярж. сяляне. непрывілеяваныя мястэчкі, гарады. якія валодалі палявымі валокамі.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХМЕ́Д II, Мехмет II (Mehmet) Фатых (Заваёўнік)

[30.3.1432, г. Эдырне, Турцыя — 3.4 (альбо 3.5). 1481],

турэцкі султан [1444; 1451—81]. Ажыццяўляў шырокую заваёўніцкую палітыку. 28.5.1453 захапіў Канстанцінопаль (з гэтага часу наз. Стамбул), спыніўшы існаванне Візант. імперыі. Заваяваў Сербію (1459), Марэю (1460), Трапезундскую імперыю (1461), Боснію (1463), в-аў Эўбея (1471), Албанію (1479), падпарадкаваў Крымскае ханства (1475). Пры ім складзены першы збор законаў Асманскай імперыі. Падтрымліваў развіццё гарадоў, будаўніцтва і мастацтва.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,

удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн. Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў Міндоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст. вял. кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕМЕРЫ́ДНЫ ЧАС,

раўнамерны час, што ўваходзіць як велічыня ва ўраўненні руху нябесных цел і ў адпаведнасці з якім складаюцца астр. эфемерыды. Уведзены ў 1950.

Сусветны час, заснаваны на перыядзе вярчэння Зямлі вакол сваёй восі, нераўнамерны (з-за векавых і флуктуацыйных змен гэтага вярчэння). Э.ч. заснаваны на перыядзе абарачэння Зямлі вакол Сонца. Каб перайсці да Э.ч., да сусветнага часу дадаюць папраўку, велічыня якой вызначаецца з назіранняў Месяца і планет і публікуецца штогод.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́СЕКС (Wessex),

раннесярэдневяковае каралеўства англасаксаў на ПдЗ Англіі. Засн. ў пач. 6 ст. саксамі ў ходзе англасаксонскага заваявання Брытаніі. З 740 пад уладай Мерсіі. У 825 яго кароль Эгберт вызваліўся з-пад улады Мерсіі і аб’яднаў б.ч. краіны, якая з гэтага часу стала наз. Англіяй. У канцы 9 ст. пасля цяжкага змагання са скандынавамі кароль Альфрэд Вялікі вымушаны заключыць дагавор аб падзеле краіны (ПдЗ з У. застаўся пад яго ўладай). У гіст. л-ры праўленне Альфрэда традыцыйна лічыцца завяршэннем гісторыі У. і пачаткам гісторыі Англіі.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ СІ́ЛА,

прыкладзеная да цела сіла, лінія дзеяння якой праходзіць праз пэўны пункт (цэнтр сілы) пры любых становішчах гэтага цела. Напр., сіла цяжару, сіла эл.-статычнага ўзаемадзеяння кропкавых эл. зарадаў (гл. Кулона закон). Рух свабоднага матэрыяльнага пункта адбываецца па плоскай траекторыі, а адрэзак прамой, які злучае гэты пункт з цэнтрам сілы, апісвае за роўныя прамежкі часу роўныя плошчы (гл. Кеплера законы). Тэорыя руху цел пад уздзеяннем Ц.с. мае дастасаванні ў нябеснай механіцы, пры разліках руху касм. лятальных апаратаў, у т. л. ШСЗ, і інш.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУ́ЧЫНЫ,

у беларусаў традыцыйны абрад падрыхтоўчага этапу вяселля, на якім канчаткова замацоўвалася згода сваякоў на шлюб маладых. Адбываліся праз тыдзень пасля запоін, калі нявеста і яе бацькі афіцыйна давалі згоду на шлюб. На З. дамаўляліся пра ўсе дэталі вяселля (пасаг, час і парадак вяселля, колькасць гасцей і г.д.). Жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і абрадавымі падарункамі, а іх рукі звязвалі ручніком; падарункамі абменьваліся і іх бацькі, якія пасля ўдзельнічалі ў сумесным пачастунку, што замацоўваў заключаны дагавор. Вяселле з гэтага часу абвяшчалася афіцыйна, а жаніха і нявесту называлі малады і маладая.

Л.​А.​Малаш.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)